Дзяржаўны камітэт па маёмасці абвясціў пра планаваны продаж на аўкцыёнах і па конкурсе акцый больш за 80 прадпрыемстваў і яшчэ некалькіх прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў.

У размешчаным 10 кастрычніка на сайце Дзяржкаммаёмасці паведамленні гаворыцца, што да продажу на аўкцыёнах прапануюцца акцыі ў тым ліку СЗАТ «Шклозавод Ялізава» (35% акцый), ААТ «Віцебскі прыборабудаўнічы завод» (60,9%), ААТ «Брэсцкі радыётэхнічны завод» (86,16%), ААТ «Івацэвічыдрэў» (42,22%), ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» (99,96%).

Паводле конкурсу прадаюцца акцыі 33 прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «Мазырскі НПЗ» (42,76%), ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт» (99,88%), ААТ «Авіякампанія «Трансавіяэкспарт» (99,89%), ААТ «БАТЭ — кіруючая кампанія холдынгу «Аўтакампаненты» (25%), ААТ «Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання» (25,83%).

Як маёмасныя комплексы прадаюцца два прадпрыемствы: РУП «Бярозатара» і РУВП «Экзон-Глюкоза».

Асоба, зацікаўленая ў куплі належачых Рэспубліцы Беларусь акцый (долей) акцыянерных (гаспадарчых) таварыстваў і прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў, накіроўвае ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці заяву паводле формы.

Заявы будуць вывучацца камісіяй па разглядзе заяў патэнцыйных інвестараў (пакупнікоў) аб зацікаўленасці ў куплі акцый (долей) акцыянерных (гаспадарчых) таварыстваў і прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў і па выніках разгляду гэтых заяў камісіяй рыхтуюцца прапановы аб мэтазгоднасці падрыхтоўкі праектаў рашэнняў прэзідэнта Беларусі аб продажы. Продаж дзяржакцый акцыянерных таварыстваў ажыццяўляецца паводле рашэнні Лукашэнкі.

Пачатковая цана продажу акцый (долей) устанаўліваецца па найбольшай з іх рынкавай або балансавай цане, вызначанай на 1 студзеня года продажу гэтых акцый (долей). Вызначэнне рынкавай ацэнкі акцый (долей) ажыццяўляецца пасля прыняцця рашэння прэзідэнта па іх продажы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?