Адзін з пастаянных герояў знакамітай праграмы — Мішутка — у суботнім выпуску абвясціў ляжачы страйк. Стваральнікі перадачы кажуць, што шукаць палітычны падтэкст у гэтай праграме не варта.
У апошняй праграме «Спокойной ночи, малыши» Мішутка аб'яўляе акцыю пратэсту - ляжачы страйк супраць недружалюбнага да яго стаўлення Сцяпашкі. «Вы яшчэ ўсе, усе даведаецеся, што такое акцыя пратэсту», — кажа ён.
Вядучай праграмы Аксане Фёдаравай прыходзіцца тлумачыць Сцяпашку, што такое «акцыя пратэсту»: «калі хтосьці з чымсьці не згодны і пачынае пратэставаць». Пасля гэтага яна прапануе правесці сваю акцыю - «про тесто» і заклікае Сцяпашку і Мішутку разам ляпіць піражкі.
У інтэрв'ю «Эхо Москвы» кіраўнік прэс-службы праграмы Яўгенія Хлудзянцова сказала, што гэтая перадача не мела на ўвазе «ніякага схаванага сэнсу» і «не мае палітычнага падтэксту».





