Карэспандэнт «Нашай Нівы» паразмаўляў з сяброўкай Насты Бруснікінай, заснавальніцы эротык-шоу All Inclusive Надзеяй Ляўковай, якая выступала разам з Настай.

«Для нас смерць Насты стала зусім нечаканай, — кажа Надзея. — Яна ніколі не скардзілася на сэрца, а тут адбылася нечаканае спыненне, вострая недастатковасць. Ніхто дагэтуль не можа паверыць».

«НН»: Вы працавалі разам ад 2010 года?

НЛ: Не, у нас быў другі склад, з першым у Насты былі вялікія праблемы, аднак спыняцца яна не збіралася. Пару месяцаў таму яна зламала нагу, ёй наклалі гіпс, яна прыйшла на рэпетыцыю і кажа: «Зараз я гіпс здыму, і будзе рэпетыцыя». Ледзь адгаварылі не рабіць гэтага. Ведаеце, што ў гэтай сітуацыі самае страшнае? Напярэдадні смерці, у апошнюю ноч, Наста раптам нам сказала: «Дзяўчаты, што б ні здарылася, вы мусіце працягваць шоу без мяне». Яна вельмі шмат уклала ў гэтае шоу, і хвалявалася, што з ім можа нешта здарыцца.

«НН»: Вы будзеце працягваць?

НЛ: Паколькі гэта было важна для Насты, мы не адмянілі выступаў ні ў суботу, ні ў нядзелю. Выступалі ў чорных касцюмах і масках — у памяць пра яе. Нас не ўсе зразумелі, аднак пасля той апошняй размовы мы не маглі зрабіць інакш.

«НН»: Зараз вы збіраеце грошы для дачкі Бруснікінай…

НЛ: Так, Яне зараз шэсць год, яна пайшла ў першы клас. У Насты была цяжкая сітуацыя ў сям’і, я не хачу пра гэта казаць, аднак высветлілася, што яна адкрыла для дачкі рахунак, з якога да 18-годдзя будуць ісці адлічэнні для Яны. Таму ўсе, хто можа падзяліцца грашыма — могуць перавесці іх на гэты рахунак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?