Сёлетні «ТЭАРТ» справядліва лічыцца адной з галоўных падзей у культурным жыцці Беларусі. На працягу трох тыдняў гледачы маюць магчымасць убачыць пастаноўкі такіх зорак еўрапейскай рэжысуры, як Кшыштаф Варлікоўскі («(А)палонія») і Ян Клята («Песня пра маці і айчыну») з Польшчы, Юрый Бутусаў («Добры чалавек з Сезуана») і Канстанцін Багамолаў («Лір») з Расіі, Алвіс Херманіс («Доўгае жыццё») з Латвіі. Але нават на іх фоне вельмі годна глядзелася пастаноўка Штэфана Кэгі «Проба грунту ў Казахстане» (паказ прайшоў пры спрыянні Інстытута імя Гётэ ў Мінску).

 У 2000 годзе гэты рэжысёр разам з двума калегамі стварыў у Берліне тэатральную групу «Рыміні Пратакол», якая ажыццяўляе пастаноўкі ў жанры «дакументальнага тэатра». Апошняму ўласцівы такі падыход, калі стваральнікі спектакля запісваюць рэальных людзей, чые маналогі і дыялогі потым прамаўляюцца на сцэне прафесійнымі акцёрамі. Але

«Рыміні Пратакол» пайшоў далей: у пастаноўках гэтага калектыву паўстаюць рэальныя дзейныя асобы і распавядаюць гісторыю ўласнага жыцця.

Напрыклад, на сёлетнім Авіньёнскім фестывалі (адным з самых прэстыжных у свеце) пра сябе са сцэны расказвалі нігерыйскія бізнесмэны.

Узнікае лагічнае пытанне: чым жа пастаноўкі «Рыміні Пратакол» адрозніваюцца ад аматарскіх? Адказ просты: арыгінальнасцю мыслення пастановачнай групы і прафесіяналізмам выканаўцаў, дзякуючы чаму дзейныя асобы не адрозніваюцца ад прафесіяналаў, а мастацкі вынік належыць да высокага мастацтва.

«Проба грунту» распавядае гісторыю пяці герояў, чый лёс звязаны з транспарціроўкай нафты.

Герд Баўман з ГДР займаўся распрацоўкай «чорнага золата» ў Іраку, Іарданіі, Аўстрыі і Казахстане. Генрых Вібе да выхаду на пенсію развозіў паліва з завода, які перапрацоўвае «чорнае золата». Казах Нурлан Дусалі прадае нафту, а пазней сонечныя батарэі ў Германіі. Хелене Сімкін вырасла каля Байканура, а пазней працавала ў авіякампаніі ў Гановеры, прыбыткі якой залежыць ад развіцця нафтавай індустрыі. Для таджычкі Алены Панібратавай суседні нафтавы Казахстан заўсёды паўставаў тэрыторыяй багацця… Іх маналогі гучаць па-руску і па-нямецку (з рускімі субтытрамі).

Чым жа нямецкая пастановачная група працягвае справу прэтэндэнткі на літаратурны Нобель-2013 Святланы Алексіевіч?

І ў кнізе «Час сэканд-хэнд», і ў нямецкай пастаноўцы ідзе гаворка пра прадстаўнікоў савецкай цывілізацыі, якая амаль сышла ў нябыт.

Але існуе і адрозненне. Герояў Алексіевіч яднаў ідэалістычны фактар: вера ў камуністычныя ідэалы (таму яны працягваюць жыць у постсавецкім свеце, кіруючыся савецкімі стэрэатыпамі).

Пяцёрку выканаўцаў з нямецкага спектакля яднае агульнае мінулае продкаў (усе яны — немцы, якія прыехалі ў Расію яшчэ падчас царавання Кацярыны ІІ) і матэрыяльны фактар (нафта).

Іронія лёсу, але ў гісторыі былых савецкіх рэспублік ідэалогія і нафта знітаваныя непарыўнай сувяззю.

Магутнасць СССР перыяду «застою» і яго падтрымка краін сацыялістычнага лагеру шмат у чым грунтавалася на высокіх коштах нафты, «чорнага золата» (а зусім не на перавагах сацыялістычнага ладу).

Рэзкае падзенне коштаў у 1986-м нанесла страшэнны ўдар па савецкай эканоміцы і паўплывала як на яе выніковы крах, так і на распад СССР.

У жыцці герояў эканамічная мэтазгоднасць даўно замяніла веру ў былыя ідэалы. Таму не дзіўна, што пяцёра выканаўцаў ментальна належыць ужо да наступнага, постсавецкага пакалення.

І ніхто, акрамя Хелены Сімкін, не імкнецца вярнуцца дадому. Але цалкам забыцца пра Казахстан, з якім звязана іх юнацтва і маладосць, яны не могуць. Нездарма героі спектакля бачаць на экране свае родныя мясціны, а таксама сваякоў, камунікацыя з якімі адбываецца праз відэасувязь.

І Штэфан Кэгі, і Святлана Алексіевіч даюць магчымасць шараговым людзям распавесці пра сваё жыццё. Успаміны апошніх ювелірна сканструяваныя ў межах літаратурнай ці сцэнічнай прасторы.

Расповеды дазваляюць закрануць галоўныя пытанні і праблемы ХХ стагоддзя, якія катком прайшлі па лёсам герояў. У «Пробе грунту…» гэта Другая сусветная вайна, выпрабаванне ядзернай зброі, касмічная гонка паміж Савецкім Саюзам і ЗША, распаўсюд на постсавецкай прасторы рынкавых адносін, эміграцыя і бежанства.

Прынцыпова, што постсавецкія героі Штэфана Кэгі такія ж адзінокія і мала каму патрэбныя ў свеце, як і савецкія героі Алексіевіч. Іх лёсы сталі цацкай у руках палітыкаў.

Нездарма Генрых Вібе абвінавачвае Гітлера, Сталіна, Хрушчова, Гарбачова і Коля, з-за якіх усё жыццё быў вымушаны перасяляцца з краіны ў краіну.

«Проба грунту ў Казахстане» — вельмі шчыры і па-мастацкі пераканаўчы партрэт пакалення. Спектакль перадае подых ХХ стагоддзя і паказвае макракосмас грамадства праз мікрасвет асобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?