Дзяржаўны бюджэт выконваецца з паніжэньнем дэфіцыту.

У Беларусі ўдакладнены асобныя паказчыкі бюджэту на 2007 год. Адпаведны ўказ, якім таксама ўнесены змяненні і дапаўненні ў некаторыя ўказы, прэзідэнт краіны падпісаў 24 верасня, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Згодна з дакументам узрастуць макраэканамічныя параметры, што характарызуюць рэспубліканскі бюджэт (даходы, расходы, дэфіцыт) і прадугледжаны ў законе "Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2007 год". У прыватнасці, плануецца павялічыць даходы на Br2,99 трлн. (на 9,8 працэнта), расходы - на Br2,46 трлн. (на 7,7 працэнта), а дэфіцыт скараціць на Br525,43 млрд. (на 37,5 працэнта).

Пры гэтым даходы рэспубліканскага бюджэту да канца 2007 года могуць дасягнуць Br33,6 трлн., расходы складуць больш як Br34,47 трлн., дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту зацверджаны ў аб'ёме Br874,57 млрд.

Ва ўказе прадугледжваецца выкарыстанне сродкаў на закупку мінеральных угнаенняў, на аказанне фінансавай дапамогі і выдачу бюджэтных пазык прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі і іншыя мэты.

У 2007 годзе павялічваюцца таксама расходы на дзяржаўныя капітальныя ўкладанні. Рост гэтых расходаў звязаны са стварэннем новых вытворчасцей на РУВП "Экзон-Глюкоза", пашырэннем прадпрыемства "Віцебская біяфабрыка", завяршэннем будаўніцтва заводаў па вытворчасці газетнай паперы і драўлянага домабудавання ў Шклове, будаўніцтвам культурна-спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна".

Акрамя таго, павялічваецца сума сродкаў, што перадаецца з рэспубліканскага бюджэту ў бюджэты абласцей і Мінска. Іх плануецца накіраваць на замену цепласетак, кампенсацыю выпадаючых даходаў, а таксама на павелічэнне субвенцый на жыллё, на фінансаванне праіндэксаваных жыллёвых квот (чэкаў "Жыллё") і расходаў, звязаных з развіццём сельскагаспадарчай вытворчасці.

Дакументам уносяцца змяненні ва ўказ ад 15 лютага 2007 года нумар 88, што звязана са звышпланавым паступленнем у 2007 годзе даходаў у рэспубліканскі фонд аховы прыроды і выкарыстаннем іх на фінансаванне важнейшых прыродаахоўных мерапрыемстваў.

На думку ўрада, рэалізацыя прадугледжаных ва ўказе мер дасць магчымасць прафінансаваць у большых аб'ёмах мерапрыемствы, намечаныя ў дзяржаўных праграмах адраджэння і развіцця вёскі, развіцця фізічнай культуры і спорту, геолагаразведачных работ па развіццю мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі, а таксама ў спецыяльных праграмах, што датычацца нацыянальнай абароны і забеспячэння бяспекі дзяржавы, і ў шэрагу іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?