Нашы героі вельмі цікавяцца сваім радаводам і змаглі прасачыць яго на працягу стагоддзя. Мажліва, жанчынам гэтай сям’і нябёсамі накавана быць мамамі дачушак…

Мы пазнаёміліся з прадстаўніцамі чатырох пакаленняў гэтай дружнай сям’і.

Галоўная ў іх -- Ванда Дамінікаўна Дземідовіч. Нядаўна яна адзначыла 75-годдзе. Імянінніца старэйшая з трох сясцёр. У кожнай з іх па дзве дачкі. Яны таксама мамы дачушак, бабулі ўнучак. Колькі ўсяго жанчын у Дземідовічаў?

«Гэта наша сямейная загадка, — усміхаецца Ванда Дамінікаўна. – Калі за адным сталом збіраюцца ўсе родныя, то жанчын сярод іх пераважная большасць – аж 23».

Галоўнае месца, дзе сустракаецца вялікая сям’я, — бацькоўскі дом. На жаль, Ванда Дамінікаўна засталася ўжо адна. Але дзеці, унукі і праўнукі не даюць ёй сумаваць і наведваюць штодня. Ад шчырых усмешак «дзявочага батальёна», як самі называюць сябе Дземідовічы, цяплей і святлей становіцца на ўсёй вуліцы Паўночнай, дзе жыве Ванда Дамінікаўна.

Любімая страва сям’і – дранікі

Гатуюць іх усе разам.

— Ніколі не лічылі, колькі бліноў трэба спячы, каб кожнаму хапіла, — далучаецца да размовы старэйшая дачка Ванды Дамінікаўны Таццяна Мацвееўна.

Ніводная сямейная сустрэча не абыходзіцца без песень. І тут жа ва ўнісон зліваюцца звонкія галасы сясцёр Таццяны і Святланы, якія лірычна зацягваюць «Виновата ли я…».

«Мы вельмі любім танцаваць, – працягвае Святлана Мацвееўна. – Нават мама прытанцоўвае».

«У нашай сям’і прадстаўніцы слабага полу зусім не слабыя, — гаворыць Ванда Дамінікаўна».

Яны — руплівыя гаспадыні, клапатлівыя мамы, пяшчотныя бабулі, добрыя работніцы. Ванда Дамінікаўна амаль чатыры дзесяцігоддзі адпрацавала вышывальшчыцай на мясцовай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Як умелая майстрыха, яна складала свой лёс ва ўзоры, але… немудрагелістыя.

Дачок, унучак і праўнучак Ванда Дамінікаўна найперш вучыць простым жыццёвым ісцінам – шчырасці, спагадзе, працавітасці.

Ці мараць яны пра хлопчыка, якога няма ў сям’і столькі гадоў?

Жанчыны на імгненне разгубіліся і да адзінага меркавання так і не прыйшлі.

«Я такая шчаслівая, што ў мяне нарадзілася Мілана, — заўважыла ўнучка Ванды Дамінікаўны Кацярына, якая паўгода таму стала мамай. – Свайго мужа адразу папярэдзіла, што ў нас будзе дзяўчынка. Здаецца, ён задаволены тым, што стаў бацькам дачушкі».

І няхай у гэтай шумнай сям’і яшчэ шмат стагоддзяў гучаць лёсавызначальныя і прыемныя словы: «У вас будзе дзяўчынка…»!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?