Уга Чавэс

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс вырашыў з панядзелка перавесьці ўсе гадзіньнікі на паўгадзіны назад.

Чавэс вырашыў стварыць сваё асобнае «вэнэсуэльскае часовае вымярэньне» з мэтаю павялічыць працаздольнасьць грамадзян. Па яго словах, гэтыя зьмены неабходныя, каб у вэнэсуэльцаў «абмен рэчываў у мазгах паляпшаўся ў ранішні час, дзякуючы сонечнаму сьвятлу». Чавэс лічыць, што «школьнікі зараз змогуць прачынацца пры дзённым сьвятле, а класьціся да прыцемкаў».

Адказваючы на яшчэ не прагучаўшае пытаньне, Чавес заявіў журналістам:

«Мне абыякава, што пасьля маіх прапаноў мяне будуць лічыць вар’ятам. Хай кажуць, што хочуць.»

Шмат хто з вэнэсуэльцаў лічыць перавод стрэлак на паўгадзіны назад добрай ідэяй, аднак хуткасьць часавай рэформы і адсутнасьць дастатковых тлумачэньняў пакуль вызываюць сумневы ў некаторых грамадзян. Нават найбліжэйшы паплечнік Чавэса, намесьнік міністра плянаваньня Луіс Маркано Ганзалес выказаўся за перанос рэформы на пару тыдняў пазьней, «аднак усе ў руках прэзыдэнта».

Суседнія краіны пакуль не адрэагавалі на новаўводзіны Чавэса. Аднак відавочна, што на зьнешнія эканамічныя стасункі «вэнэсуэльскі час» паўплывае адмоўна.

Раней Чавэс унёс на разгляд парлямэнту новы праект канстытуцыйнай рэформы. Ён прапаноўваў дазволіць прэзыдэнту перавыбірацца на свой пост неабмежаваную колькасьць разоў, павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін з шасьці да сямі гадоў, а працоўны дзень скараціць да шасьці гадзін.

Апроч таго, лепшы сябра Лукашэнкі прапанаваў увесьці ў краіне чацьвертую галіну ўлады — «саветы камуны». Ён таксама зьмяніў назву дзяржавы на «Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла», памяняў дзяржаўны сьцяг і герб..

Як лічыць Чавэс, новаўводзіны дазволяць яму «адкрыць новую эру ў збудаваньні сацыялістычнай Вэнэсуэлы» і прадухіліць «спаўзаньне краіны да капіталізму».

Яраслаў Сьцешык, паводле РИА «Новости»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру