Яе фарба — гэта колер вопраткі будысцкіх манахаў, якія наважыліся распачаць шэсьці пратэсту. Колькасьць дэманстрантаў расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. У панядзелак на вуліцы сталіцы выйшлі 50 тысячаў маніфэстантаў.

Здавалася, сьвет ужо зусім забыўся на гэтую краіну. За 45 год кіраўніцтва вайсковай хунты М’янма (былая Бірма) ператварылася ў “выспу стабільнасьці” ў цэнтры Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Як і ў выніку зь Беларусьсю, заходнія мэдыі толькі зрэдку зьвярталі ўвагу на “залаты Гулаг” — неверагодна прыгожую краіну будысцкіх пагадаў, якой кіруе вайсковы рэжым.

І вось, нечакана для ўсіх, у краіне выбухнула аранжавая рэвалюцыя. Яе фарба — гэта колер вопраткі будысцкіх манахаў, якія наважыліся распачаць шэсьці пратэсту. Колькасьць дэманстрантаў расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. У пачатку верасьня на вуліцы выходзілі дзясяткі чалавек, потым — сотні, пасьля — тысячы. У нядзелю мітынгавалі 10—20 тысячаў чалавек, празь дзень — ужо 50 тысячаў. Беларусь ды М’янма — вельмі розныя краіны, але падабенствы нашых праблемаў уражваюць. У Бірме таксама ўлада лічыць правільнымі для разьвіцьця краіны абмежаваньне свабодаў, здушэньне нацыянальных меншасьцяў і нагнятаньне варожасьці да Захаду.

Маральная моц

У М’янме каля 400 000 будысцкіх манахаў. Практычна кожная сям’я мае роднага, які сышоў у будысцкі манастыр. Пашана да манахаў проста бязьмежная. Той факт, што манахі афіцыйна назвалі хунтыстаў ворагамі народу і заклікалі “назаўжды выгнаць вайсковую дыктатуру з краіны” мае вельмі вялікую маральную вагу.

Цалкам бяззбройныя, будысцкія манахі вельмі лёгка паказваюць вайскоўцам, хто насамрэч мае духоўную перавагу. Паводле канонаў будызму, манахі павінны кожную раніцу атрымаць свой хлеб на дзень празь міласьціну. Але яны адмаўляюцца браць яе ў вайскоўцаў і членаў іх сем’яў. Фактычна, хунту адлучылі ад рэлігіі. Галоўная мэта — зрабіць так, каб вайскоўцы ў малых чынах адвярнуліся ад свайго кіраўніцтва. Акрамя гэтага, манахі заклікалі бірманцаў штодня маліцца цягам 15 хвілінаў на ганках сваіх дамоў на знак салідарнасьці.

Жыхары краіны цішком кажуць, што хунта вызначаецца ня толькі сваім цынізмам, але і забабонамі. Галоўны з трох генэралаў, 74-гадовы Соў Монг, рэгулярна кансультуецца з астролягамі і нібыта пабойваецца крыўдзіць манахаў, каб не наклікаць на сябе гнеў нябёсаў.

Незалежнасьць без свабоды

М’янма ці Бірма? «М’янма» ды «Бірма» — гэта амаль як «Беларусь» ды «Белоруссия». На мове тамтэйшага народу назва краіны гучыць як “М’янма”. Назоў “Бірма” прыжыўся ў за каляніяльным часам — так яго пачула ангельскае вуха. Як і многія іншыя дыктатарскія рэжымы, сутыкнуўшыся з эканамічнымі праблемамі, хунта з сацыялізму кінулася ў нацыяналізм, запатрабаваўшы ў 1989 г. называць краіну ня Бірмай, а М’янмай, а сталіцу краіны — не Рангонам, а Янгонам (падобна да таго, каб Лукашэнка пераназваў Мінск у Менск). Многія англамоўныя мэдыі, аднак, дагэтуль называюць краіну Бірмай, не жадаючы мяняць свае звычкі з-за прыхамацяў хунты.

Будысцкія манахі ўжо былі каталізатарамі пратэстаў у каляніяльныя часы. У 1886—1948 г. М’янма належала Вялікай Брытаніі. Калянізатары зьняважліва ставіліся да бірманскай культуры. Гэтак, брытанцы ўпарта адмаўляліся здымаць абутак пры ўваходзе ў будысцкія храмы. Менавіта манахі зрабіліся рухавіком змаганьня за незалежнасьць М’янмы, паказваючы прыклады пакутніцтва і сілы волі. Калі зьняволеным за свае палітычныя погляды рэлігійным дзеячам забаранілі насіць сваю традыцыйную вопратку, манах У Вісара абвясьціў галадоўку і трымаў яе 163 дні — да сьмерці. Гісторыя пазьдзекавалася з брытанцаў: сумна вядомая турма Інсэйн, пабудаваная калянізатарамі для палітзьняволеных, выкарыстоўваецца ваеннай хунтай у тых самых мэтах. А Вялікая Брытанія сёньня — адна з тых краінаў, якія найбольш актыўна ціснуць на ўрад М’янмы, патрабуючы дэмакратызацыі.

У каляніяльныя часы М’янма была дужа багатым краем, найперш дзякуючы сваім плянтацыям рысу, дрэваапрацоўцы, здабычы каштоўных камянёў ды нафты. Атрымаўшы незалежнасьць у 1948 г., краіна згубіла дэмакратыю ў 1962 г., калі ў краіне адбыўся ваенны пераварот. М’янма збочыла на ўсеяны чалавечымі косткамі “бірманскі шлях да сацыялізму”, які ўзбагаціў кіраўнікоў, а народ прывёў да галечы. Вайсковая дыктатура бязьлітасна задушыла дэмакратычныя пратэсты пры канцы васьмідзесятых, расстраляўшы каля трох тысяч чалавек. Але ціск апазыцыі быў настолькі моцным, што ўрад мусіў правесьці ў 1990 г. першыя за амаль трыццаць гадоў сапраўды свабодныя выбары ў Народны Сход. Хунта пацярпела прыніжальную паразу — праўладная Партыя нацыянальнага адзінства атрымала вартыя жалю 2 % месцаў у парлямэнце. 80 % мандатаў заваявала Нацыянальная ліга за дэмакратыю, дэмакратычная партыя пад кіраўніцтвам дысідэнткі Аунг Сан Су Чжы, дачкі легендарнага барацьбіта за незалежнасьць краіны.

Хунта анулявала вынікі выбараў і склікала ўласную марыянэткавую палату. Большасьць дэмакратычных дэпутатаў пакінула краіну і сфармавала ўрад на выгнаньні. Аунг Сан Су Чжы пасадзілі пад хатні арышт, дзе яна знаходзіцца дагэтуль. У 1991 г. дысыдэнтка атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Абсалютная ізаляцыя ні на кроплю ня зьменшыла яе аўтарытэту ў краіне і за яе межамі.

Сакрэт генэралаў

Бірманскія генэралы “праславіліся” ня толькі падаўленьнем дэмакратыі і расстрэламі апазыцыйных мітынгаў. Паводле зьвестак праваабарончых арганізацыяў, асаблівасьцю рэжыму зьяўляецца выкарыстаньне прымусовай працы (у тым ліку дзяцей), а таксама сэксуальныя злачынствы — сыстэматычныя згвалтаваньні і сэксуальнае рабства для абслугоўваньня вайсковага кіраўніцтва. Вайсковы рэжым запляміўся таксама этнічнымі чысткамі, стварэньнем ізаляваных лягераў-пасяленьняў для “непажаданых” нацменшасьцяў.

ЗША і ЭЗ наклалі на М’янму шматлікія эканамічныя санкцыі і эмбарга на гандаль зброяй. Яе, як і Беларусь, пазбавілі эўразьвязаўскіх гандлёвых прэфэрэнцый. Часткова гэтая палітыка дае плён. Бірманскі рэжым усяляк заахвочвае замежныя інвэстыцыі ў краіну, аднак офісныя хмарачосы ў Янгоне стаяць напаўпустымі. Разам з тым, заходні бізнэс не цураецца брудных гешэфтаў, вынаходзячы складаныя схемы, каб абыходзіць абмежаваньні. Гэтак, францускі энэргаканцэрн Total S.A. з’яўляецца апэратарам газаправоду ў М’янме, на будаўніцтве якога выкарыстоўвалася рабская праца. Акрамя гэтага, адсутнасьць заходняй канкурэнцыі грае на карысьць “вялікім сябрам” М’янмы — Кітаю, Індыі ды Расеі, якія ахвотна інвэстуюць у эканоміку дыктатуры і абараняюць хунту на міжнародным узроўні. У 2006 г. Расея і Кітай наклалі вэта на праект рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, у якім меркавалася заклікаць улады М’янмы зьмякчыць рэпрэсіі і вызваліць палітзьняволеных.

Адпачынак у дыктатуры М’янма зь яе залатымі пагадамі і цудоўным узьбярэжжам падаецца шыкоўнай краінай для турызму. Ці варта ехаць туды на адпачынак? Заходнія турыстычныя выданьні, у тым ліку “Lonely Planet”, адзін з самых знакамітых кнігаў-гідаў, адкрыта інфармуюць чытача пра ўсе асаблівасьці бірманскага рэжыму, і прапануюць турысту асэнсавана зрабіць выбар на карысьць ці супраць паездкі ў азіяцкую дыктатуру. Галоўны аргумэнт “супраць” — заклік Аунг Сан Су Чжы да турыстаў байкатаваць краіну. Галоўны аргумэнт “за” — трэба даваць жыхарам М’янмы зарабіць сабе на хлеб і несьці ім інфармацыю з-за мяжы, а па вяртаньні расказваць на радзіме праўду пра бірманскае жыцьцё. Для тых турыстаў, якія ўсё-такі вырашылі паехаць у М’янму, даюцца адмысловыя парады як выдаткоўваць грошы, каб яны не ішлі ў кішэню генэралаў (галоўная парада — карыстацца прыватнымі паслугамі і плаціць гатоўкай).

Аўтарытарныя Кітай ды Расея ўкладаюць грошы ў дыктатарскую М’янму яшчэ і з разьлікам, каб хунта мела сродкі на закупку зброі — у тых самых краінаў-інвэстараў. М’янма знаходзіцца ў першай пятнаццатцы краінаў сьвету паводле аб’ёмаў выдаткаў на армію. Пікантная акалічнасьць: паводле зьвестак Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледваньня праблемаў міру, дэмакратычная Ўкраіна зьяўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў зброі ў М’янму. Атрымліваецца зачараванае кола “грошы — зброя — грошы”, разарваць якое звонку практычна немагчыма.

Пачатак канца дыктатуры

Тое, што зараз адбываецца ў М’янме — клясычны пачатак канца дыктатуры. “Бірманскі шлях да сацыялізму” ператварыў М’янму ў адну з самых бедных краін у рэгіёне. Траціна бірманскіх дзяцей недаядаюць. Гаспадарка ў стагнацыі. Зразумеўшы, што рынкавая гаспадарка працуе больш эфэктыўна за цэнтралізаваную, генэралы пачынаюць паступовую лібэралізацыю, заахвочваюць замежныя інвэстыцыі, спрабуюць разьвіваць турызм. Інвэставаць у дыктатуру ахвотнікаў вобмаль, таму робяцца сымбалічныя крокі да дэмакратызацыі — такія, як вызваленьне 40 палітвязьняў сёлета ў студзені. Здаецца — драбяза, але найменшае зьмякчэньне рэжыму паслабляе путы на руках народу. А калі да гэтага дадаецца яшчэ і рост цэнаў (цяперашнія пратэсты справакавала падаражэньне бэнзіну ўдвая, газу — у пяць разоў), то жаданьне скінуць кайданы робіцца невыносным. Людзям жыць робіцца цяжэй, а страх меншае. Вынік — выбух.

Як бы ні скончыліся сёлетнія пратэсты ў М’янме, яны паказваюць, наколькі важна для дэмакратычнага вызвольнага руху бачыць перад сабой абсалютныя маральныя аўтарытэты — такія, як будысцкія манахі ці дысыдэнтка Аунг Сан Су Чжы. Здавалася, нацыя зусім скарылася, але раптам зрывае нейкі кляпан — і мы бачым на вуліцах дзясяткі тысяч людзей. Cапраўды, усе дыктатуры — блізьняты, бо лёгіка чалавечага імкненьня да свабоды і справядлівасьці ўнівэрсальная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?