Сёньня, на самым старце чарговай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, Буш прайшоўся па Беларусі. Яна разам з Паўночнай Карэяй, Сірыяй, М'янмай ды Іранам звыкла прафігуравала ў сьпісе рэжымаў, што адмаўляюць сваім народам у фундамэнтальных правох.

Дарэчы, іранскі лідэр мае магчымасьць даць адлуп з той самай трыбуны ўжо сёньня. Увогуле ягоны візыт у Нью-Ёрк мае правакацыйна-піяраўскі характар. У прыватнасьці, Махмуд Ахмадынэджад дамагаўся магчымасьці наведаць месца тэрарыстычных атак 11 верасьня 2001 году, але туды яго не пусьцілі. Няма чаго, маўляў, кіраўніку краіны, што спансуе міжнародны тэрарызм, фоткацца на памяць на месцы трагедыі. Затое мусілі пусьціць на дыскусію ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт. Пры гэтым рэктар у вочы назваў госьця "дробным і жорсткім дыктатарам", а пад вокнамі бушавала акцыя пратэсту.

Зрэшты, Ахмадынэджад не бянтэжыцца і сьвядома ідзе на эпатаж, напрыклад, адмаўляючы галакост. Такі самы эпатажны стыль у Чавэса, да ягога іранскі сябар завітае пасьля Нью-Ёрку. Зрэшты, і Чавэс, мусіць, стаміўся выкрываць глябальнага гегемона, бо на асамблею гэтым разам не паляцеў. Беларускі афіцыйны кіраўнік таксама ня стаў выбірацца на ўсясьветную тусоўку дзяржаўных лідэраў. Ня тая кан'юнктура. Згадзіцеся, калі ўжо ляцець за акіян, дык ня дзеля таго, каб моўчкі праседзець у куточку. А практыкавацца ў філіпіках стала небясьпечна.

Канешне ж, спакушае рэдкая магчымасьць атрымаць усясьветную трыбуну. Пазалетась, напрыклад, беларуская прапаганда напоўніцу прапіярыла візыт Аляксандра Лукашэнкі на юбілейны саміт Аб'яднаных Нацый. Зрэшты, і тады давялося балянсаваць. Напоўнены эўфэмізмамі ды алюзіямі выступ пабляк на тле зусім ужо адвязанай антыамэрыканскай прамовы Чавэса. Ну а зараз, калі за сьпіной ужо няма колішняй апрыёрнай расейскай падтрымкі і суворыя рэаліі змушаюць задумацца пра дыялёг з Захадам, тым болей ня след адбіраць у палымянага Уга пальму першынства ў справе торганьня тыгра за вусы.

Карацей, за акіян паляцеў сёньня міністар Мартынаў. Будзе прасоўваць ініцыятывы што да разнастайнасьці шляхоў прагрэсыўнага разьвіцьця. Маецца на ўвазе, што мы ідзем асаблівым шляхам, але туды, куды трэба. Так што Захад хай надта не пераймаецца:)

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру