Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў прэзідэнта транснацыянальнай карпарацыі «Руска-ўкраінскае нафтавае таварыства» Анатоля Тэрнаўскага ордэнам Пашаны.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, гэтай узнагароды бізнесмен удастоены «за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне гандлёва-эканамічных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй».

Нагадаем, Тарнаўскі ўваходзіць у лік бізнесменаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя і фінансавыя абмежаванні Еўрасаюза. Пад дзеяннем санкцый таксама знаходзяцца яго кампаніі.

Лукашэнка таксама падпісаў указ аб узнагароджанні старшыні савета праўлення акцыянернай кампаніі «Эмсаш» (Турцыя) Арслана Алі Рыза ордэнам Пашаны «за значны асабісты ўклад у рэалізацыю беларуска-турэцкіх інвестыцыйных праектаў, умацаванне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Турцыяй».

Кампанія «Эмсаш» у Беларусі вядомая ў тым ліку тым, што з'яўлялася падраднай арганізацыяй па будаўніцтве «Прэзідэнт-гатэля» ў Мінску, уведзенага ў дзеянне вясной гэтага года.

Акрамя гэтага, Лукашэнка ўзнагародзіў члена палітычнага бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, намесніка старшыні Цэнтральнага ваеннага савета КНР генерал-палкоўніка Сюй Цыляна ордэнам Дружбы народаў «за вялікі асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне дружалюбных адносін і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і КНР», паведаміла прэс-служба.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?