Фота Сяргея Гудзіліна.
Удзельнік шэсця ў Курапаты, мужчына пенсійнага ўзросту, па-ранейшаму ідзе ў калоне ў майцы, на якой спераду напісана «Лукашэнка сыходзь», а ззаду — «Чацвёрты раз адзін і той жа прэзідэнт — не дзякуй».
Нагадаем, перад пачаткам шэсця да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі зняць майку, каб пазбегнуць інцыдэнтаў. Аднак мужчына адмовіўся гэта зрабіць.
У каментары БелаПАН ён паведаміў, што ў адказ папрасіў міліцыянераў назваць яму закон, які забараняе насіць падобнае адзенне. «Мне адказалі: ну вы ж самі разумееце…» — расказаў удзельнік шэсця, які прыехаў у Мінск з Гомеля.
Паводле слоў мужчыны, ён таксама пацікавіўся, як супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць прапаноўваць яму «жыць па паняццях, а не па законе».
«Я сказаў, што міліцыя павінна разумець, што Канстытуцыя Беларусі вышэйшая за любы ўказ прэзідэнта. Пасля гэтага на мяне перасталі звяртаць увагу», — расказаў гамяльчанін. Ён таксама адзначыў, што пастаянна прыязджае ў Мінск на «Дзяды».
Глядзі таксама: У часе шэсця ў Курапаты адбыўся інцыдэнт





