Падставай для вынясення прадстаўленняў паслужылі нечуваныя для выканаўчай вертыкалі вынікі расследавання крымінальнай справы Сяргея Лагно. Прычым гэтыя вынікі можна смела прымяраць на любы райвыканкам у аспекце стварэння проста ідэальных умоваў для росквіту карупцыі. Калі верыць Следчаму камітэту, то Сяргей Лагно, курыраваў па службовых абавязках эканамічную сферу раёна, быў для яе і царом, і богам і вольна мог прымаць любыя рашэнні з любымі падставамі.

Гэта і прывяло да таго, што грошы насілі літаральна ўсе за ўсё.

Следчаму камітэту ўдалося выявіць больш за дзясятак фактаў, але і гэта толькі мізэрная частка ўсёй праўды. Як кажуць сведкі, многія бізнэсоўцы раёна, якія былі вымушаныя плаціць, як і астатнія, проста вырашылі трымацца ад гэтай справы далей. З аднаго боку, Лагно з галавой хопіць і таго, што ўжо выяўлена следчымі. З іншага — умовы вядзення бізнэсу і працы мясцовай вертыкалі наўрад ці памяняюцца ў агляднай будучыні, і таму калі засвецішся тут, потым табе жыцця ў раёне сапраўды не будзе.

Па сутнасці, у выніках расследавання фігуруюць толькі тыя хабарадаўцы, якія дзейнічалі праз адну давераную асобу былога намесніка старшыні выканкама. Гэтая давераная асоба чыноўніка і здала, расказаўшы, ад каго, калі і колькі насіла чалавеку, які адказваў за ўсю эканоміку раёна. Што дзіўна, калі верыць следству, браў Лагно ўсё і з любой нагоды: ад прадуктаў харчавання на 100 тысяч рублёў за «дах» да 10 тысяч даляраў за станоўчае рашэнне па інвестыцыйным праекце. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Першы эпізод злачыннай дзейнасці Сяргея Лагно, які высветлілі следчыя, адносіцца да красавіка 2011 года.

Паводле дадзеных следства, тады намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама прыняў у сваім працоўным кабінеце 3 тысячы даляраў ад Г. — прадстаўніка «Ф’южнгруп» за станоўчае вырашэнне пытання аб заключэнні дамовы арэнды з УП «Жыллё». Дарэчы, гэтае камунальнае прадпрыемства, якое распараджаецца дзяржаўнай нерухомасцю ў раёне, згадваецца ў некалькіх эпізодах злачыннай дзейнасці С. Лагно, але чамусьці ніхто з беларускіх афіцыйных асоб УП «Жыллё» ў якасці падазраваных у справе не фігуруе.

Другі раз, лічаць следчыя, С. Лагно ўзяў 2,5 тысячы даляраў, прычым зноў за заключэнне дамовы арэнды з УП «Жыллё» толькі цяпер ужо іншай прыватнай кампаніяй, «Барыгран». Але грошы перадавала ўсё тая ж давераная асоба. Але тут цікавая і падаплёка гэтага эпізоду. Каб адпрацаваць грошы і вылучыць «Барыграну» неабходныя плошчы, Сяргей Лагно прымусіў дырэктара кампаніі «Верытас і К» напісаць заяву аб скасаванні дамовы арэнды кавярні «Верытас» па праспекце Рэвалюцыі ў Барысаве. І гэтыя плошчы потым адышлі «Барыграну».

Наступны эпізод адносіцца да пачатку 2012 года, калі намеснік старшыні райвыканкама прыняў у якасці хабару прадукты харчавання на суму каля 400 тысяч рублёў ад дырэктара кампаніі «Шамаха». Бізнэсовец падкарміў чыноўніка за тое, каб у дачыненні да яго не прымаліся меры па выяўленых парушэннях, а таксама каб вертыкальшчык пахадайнічаў перад службовымі асобам Барысаўскага РУУС аб спыненні праверак гандлёвых аб'ектаў прадпрыемства. Праверкі, дарэчы, былі спыненыя, але ў справе ў якасці абвінавачаных службовыя асобы Барысаўскага РУУС не фігуруюць. Крыху пазней, у верасні 2012 года, дырэктар «Шамахі» перадаў чыноўніку прадуктаў харчавання яшчэ на 100 тысяч рублёў, а потым яшчэ 100 даляраў — на знак падзякі за клопаты па спыненні міліцэйскіх праверак.

Чарговы раз, упэўненае следства, С. Лагно узяў хабар у жніўні 2012 года. Проста ў сваім службовым аўтамабілі падазраваны атрымаў ад даверанай асобы 10 тысяч даляраў за станоўчае вырашэнне пытання аб перадачы ТАА «Лабараторыя прыроды» ў бязвыплатнае карыстанне невыкарыстоўванага будынка школы ў в. Бытча. Гэты будынак прыватная кампанія планавала выкарыстаць для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Рэканструкцыя (будаўніцтва) будынкаў былой школы ў в. Бытча для арганізацыі вытворчасці біялагічна актыўных дабавак».

Арыентавана ў тым жа жніўні 2012 С. Лагно нібыта атрымаў 2 тысячы даляраў ад заснавальніка кампаніі «Мікрааўтобус». Гэтым разам за дазвол на ажыццяўленне пасажырскіх перавозак у Барысаве.

Наступны эпізод хабарніцтва адносіцца ўжо да лістапада 2012 года, калі ў сваім службовым кабінеце С. Лагно ўзяў ад той жа даверанай асобы 5 тысяч даляраў за станоўчае вырашэнне пытання па набыцці ва ўласнасць ТАА «Лабараторыя прыроды» яшчэ аднаго будынка былой школы — цяпер ужо ў в. Вялікая Трасцяніца.

Вельмі цікавым можна назваць эпізод, які следчыя датуюць красавіком 2013 года.

Мяркуецца, што тады Сяргей Лагно атрымаў ад свайго добрага знаёмага Хусэйна Зармаева, які паспеў папрацаваць на шэрагу кіраўнічых пасад дзяржпрадпрыемстваў раёна, два мабільныя тэлефоны цаной больш за 30 мільёнаў рублёў. Хабар, упэўненыя следчыя, перадаваўся за спрыяльнае вырашэнне пытання аб працаўладкаванні Зармаева на чарговую кіраўнічую пасаду чарговага дзяржпрадпрыемства.

У цяперашні час былому намесніку старшыні па эканоміцы Барысаўскага райвыканкама інкрымінуецца здзяйсненне злачынстваў па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: па ч.3 арт.430 (атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча ) і ч.3 арт.426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча).

Чакаем суда, каб пачуць усе падрабязнасці гэтай скандальнай справы. Калі, вядома, яе не зробяць закрытай, каб схаваць ад грамадскасці сапраўдны твар барысаўскай вертыкалі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?