На пазамінулым тыдні ўсіх, хто рухаўся на грузавіках па Лоеўскім раёне (памежным з Украінай) спынялі памежнікі і міліцыя, правяралі аўтамабілі. Аднаго кіроўцу аж тры разы спынілі. «Ды што ж вы так пільна шукаеце?!» — урэшце абурыўся вадзіцель. «Неграў!» — злосна буркнуў чалавек у форме. «Якіх неграў?» — здзівіўся кіроўца. «Чарнаскурых!» — удакладніў маёр.

Шукалі чарнаскурых і заўтра, і паслязаўтра. Аказалася, што ў памежны атрад, які месціцца ў Лоеве, паступіла інфармацыя, што праз Дняпро на чаўнах пераплыў з украінскага на беларускі бок атрад неграў. Сведкам надзвычайнага здарэння быў мясцовых жыхар. У ранішнім золку яму здалося, што плывуць па Дняпры негры, толькі зубы белыя шчэраць, аб чым і паведаміў вясковец у органы. Злыя языкі кажуць, што негры на Дняпры — гэта такая праява дэлірыю (белай гарачкі — простай мовай) вяскоўца. Але памежнікі, натуральна, павінны правяраць інфармацыю ў незалежнасці ад крыніцы.

Злыя языкі хай сабе кажуць, а добрыя языкі (прынамсі, супрацоўнікі памежнага атрада) не пацвярджаюць гэтую інфармацыю. Ці плылі па Дняпры негры, ці гэта былі алкагольныя здані? Гэта невядома. Але мяжа наша — на надзейным замку, бо сочаць за ёй не толькі памежнікі, але і простыя грамадзяне. Вораг — не пройдзе! Асабліва калі ён мае іншы колер скуры.

* * *

На вуліцы Кніжнай Гомеля пабудавалі новы будынак навукова­даследчага інстытуту «Беларуснафты». «БелНІПІнафта» называецца. Раней на гэтым месцы (ды і на ўсёй тэрыторыі Кніжнай) месціўся канцэнтрацыйны лагер, дзе загінулі не менш як 100 тысяч чалавек. Два гады таму актывісты БХД збіралі подпісы за будаўніцтва царквы ці капліцы на месцы масавай згубы ваеннапалонных. Было сабрана каля 400 подпісаў за будаўніцтва храма ў гонар нявінна забітых. Але царква ці капліца так і не з'явілася на Кніжнай. Затое ў аўральным тэмпе вырас будынак БелНІПІнафты.

Як толькі яго адбудавалі, дык пачалося нешта незразумелае рабіцца летнімі вечарамі. Напрыклад, крумкачы менавіта над будынкам навукова­даследчага інстытуту чорнага золату пачалі ладзіць свае сходкі. Тысячы чорных крылаў аж неба захіналі на Кніжнай, калі насіліся з лямантам над вуліцай і сядалі на будынак БелНІПІ.

Некалькі разоў жыхары Гомеля рабіліся сведкамі незвычайных паводзінаў птушак, якія збіраліся і лямантавалі над БелНІПІнафтай.

Далей — болей. Адзін з супрацоўнікаў навукова­даследчага інстытута расказаў мне на ўмовах ананімнасці, што пачалося невядома што тварыцца ў новым сучасным будынку. «Начамі спрацоўвала сігналізацыя, як быццам нехта чужы ходзіць па будынку. Прыязджаў Дэпартамент аховы, абследаваў будынак — але нідзе нікога не было. І так некалькі разоў. Затым на ніжніх паверхах і ў сутарэннях чуўся дзіцячы плач, мужчынскія галасы.

Зноў выклікалі «Ахову» — і зноў нікога не знайшлі, прынамсі, з жывых людзей», — перадаў інфармацыю супрацоўнік інстытута. Урэшце, па яго словах, кіраўніцтва, якому надакучылі выклікі «Аховы» дзень­праз­дзень, выклікала праваслаўнага святара. Той асвяціў будынак — і стала ціха. Нават крумкачы не збіраюцца зараз над БелНІПІ. «Напэўна, душы памерлых дагэтуль ня могуць знайсці сабе супакаення», — лічаць мясцовыя жыхары.

Разам з тым гомельскія ўлады на плошчы Паўстання, каля памятнага знаку, што «Тут былі забітыя 100 тысяч чалавек», ладзяць кожны тыдзень то кірмашы, то выставы, то канцэрты. Тысячы памерлых — і над іх безыменнымі магіламі — танцы, песні, весялуха, бульба, морква, медавуха...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?