Сцэнар вучэнняў, якія маюць назву «Steadfast Jazz», красамоўны. Войскі выдуманай краіны Ботнія нападаюць на Эстонію ў выніку канфлікту, выкліканага барацьбой за энэргарэсурсы і ўнутранай нестабільнасці ў Ботніі. На вучэннях адпрацоўваецца ўзаемадзеянне краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў барацьбе супраць агрэсара, а таксама ў вырашэнні гуманітарных праблем, спрычыненых вайной.

У вучэннях бяруць удзел 6000 вайскоўцаў. Гэта нашмат менш, чым у нядаўніх беларуска-расійскіх вучэннях. Усё адно гэта адны з найбуйнейшых ваенных гульняў NATO за апошні час.

У межах вучэнняў адбудуцца стрэльбы баявой зброяй на тэрыторыі Польшчы. Будуць выпрабаваныя балістычныя ракеты. Таксама адбудзецца тэставанне сістэм кіберабароны.

«Вядома, гэта сігнал кожнаму, у каго можа з'явіцца намер атакаваць саюзніка NATO, — заявіў пра балтыйскія вучэнні генеральны сакратар арганізацыі датчанін Андэрс Фог Расмусэн, — але я не думаю, што Расія мае нейкія намеры атакаваць саюзнікаў NATO, таму расейцам не варта турбавацца. Таму можна сказаць, што вучэнні — гэта сігнал «тым, каго гэта датычыць», — так Расмусэн адказаў на пытанне, супраць каго скіраваны гэтыя вучэнні.

Эстонія мяжуе толькі з Латвіяй і з Расіяй.

Праблема ў патэнцыйнай абароне краін Балтыі ў тым, што яны малыя. У адрозненне ад Польшчы й Фінляндыі, там немагчыма арганізаваць эшаланіраваную іх абарону. Канцэпцыя іх аховы грунтуецца хутчэй на ідэі нанясення непрымальнай шкоды патэнцыйнаму агрэсару і наяўнасці ў Захаду дастатковай ваеннай моцы, якая можа быць падцягнута ў рэгіён з іншых пунктаў планеты.

У той жа час натаўцы надаюць вялікае значэнне неваенным пагрозам — такім як энергетычная незалежнасць і кіберабарона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?