Рэпліка Ўладзіміра Някляева з нагоды аднаго прызнаньня рэктара БДУ Васіля Стражава.

Валянцін Стралко пераклаў паэму “Новая зямля” Якуба Коласа на украінскую мову. Украінцы выдалі паэму асобнай кнігай. На прэзентацыі кнігі ў амбасадзе Украіны плён беларускага перакладчыка і працу ўкраінскіх выдаўцоў найвысока ацэньвалі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, паэты і лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, а таксама рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Васіль Стражаў, які глядзеўся ніяк не горш, а ў нечым і лепш за любога паэта з названай шаноўнай кампаніі.

Спадар Стражаў прызнаўся, што апошнім часам удумліва перачытвае тыя творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры, якія некалі ў школе прачытаў не надта ўдумліва, і гэта дапамагае яму жыць. Ён адкрывае ўсё новыя і новыя глыбіні ў паэзіі Коласа і Купалы, прозе Гарэцкага і Чорнага, а таксама ў творах Танка, Куляшова, Панчанкі ды іншых слынных беларускіх літаратараў, што дазваляе яму не зніжаць, а падвышаць свой культурны ўзровень. Прысутныя воплескамі сустрэлі прызнанне паважанага рэктара, які ў нядаўнім часе быў міністрам адукацыі.

Сярод воплескаў патанула пытанне, якое хацеў задаць спадару Стражаву старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, таксама паэт і таксама лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Някляеў.

— Я вельмі ўсцешаны, — хацеў сказаць ён спадару Стражаву, — што творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры, якія некалі ў школе прачыталі вы не надта ўдумліва і цяпер перачытваеце, дапамагаюць вам жыць. Я шчаслівы, што вам дазваляюць падвышаць ваш культурны ўзровень Колас і Купала, Гарэцкі і Чорны, Танк, Куляшоў, Панчанка, а таксама іншыя слынныя беларускія літаратары. Але якія слынныя беларускія літаратары будуць падвышаць культурны ўзровень і дапамагаць жыць ужо не вам, а тым дзецям, якія ў школе сёння? Генерал… ну ды Бог з ім, з генералам, бо ён і ў Афрыцы генерал. А вось хто такая “беларуская літаратарка” Т. Краснова-Гусачэнка? Ці З. Падліпская?.. Апошняя слынная хіба тым, што з’яўляецца старшым інспектарам той канторы, якая і наладзіла ператрус, павыкідаўшы са школьнай праграмы па літаратуры якраз тых творцаў, у кампаніі з якімі вы, рэктар дзяржуніверсітэту, нядаўні міністр, адна з ключавых фігур у сістэме нацыянальнай адукацыі, так слаўна выступалі на прэзентацыі ў амбасадзе Украіны.

“Што ж то дзеецца на свеце?.. — як пытаўся некалі адзін з тых, хто дапамагае вам жыць і падвышаць узровень.

Замена ў школьных праграмах сапраўднай літаратуры графаманскімі тэкстамі — дзяржаўнае злачынства. Яно гукнецца грамадству духоўным калецтвам. І за гэта павінна адказваць і будзе адказваць сённяшняе чынавенства, якое кіруе адукацыяй і культурай, і якое, у адрозненне ад графаманаў, ведае, што творыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?