У чацьвер раніцай на волю выйшаў палітык Павал Севярынец. 10 верасьня Павал быў асуджаны судзьдзёй Ж.Капачэўскай да 17 сутак арышту за акцыю падтрымкі зь Яраславам Грышчэнем.
16 сутак арышту Севярынец правёў у баранавіцкім ізалятары, але ў сераду ўвечары ахоўнікі вывелі палітыка з камэры, пасадзілі ў машыну і павезьлі ў невядомым накірунку.
«На мае пытаньні, куды мы едзем, ахоўнікі нічога не адказвалі. Толькі потым высьветлілася, што мяне вязуць у Івацэвічы, дзе я і адседзеў апошнія суткі. Найхутчэй кіраўніцтва баранавіцкага ізалятару забаяліся акцый у маю падтрымку пад сьценамі гэтай установы. У Івацэвічах мяне ніхто не сустракаў. Зь мясцовай пошты, бо села батарэйка ў мабільніку, я патэлефанаваў сябрам, якія і забралі мяне адсюль», - сказаў карэспандэнту «НН» Павал Севярынец
Цяпер Севярынец плянуе троху адпачыць, а таксама прайсьці мэдычны агляд.





