Малюнак Волі Кузьміч, праект «Як чуецца — так і малюецца», generation.by.

Малюнак Волі Кузьміч, праект «Як чуецца — так і малюецца», generation.by.

З культурай мовы ёсць новая праблема. Гэта праблема неафітаў, якія палічылі, што беларушчына цалкам памерла (навокал адна расійшчына, а прыроджаныя беларускамоўныя толькі ў эміграцыі) і вырашылі, што гэта падстава пераствараць усё з нуля. Неафіты, пераважна філолагі, якія ведалі расійшчыну як свае пяць пальцаў, у выбары беларушчыны карысталіся простым прынцыпам «абы не па-руску». 

Лягчэй арыентавацца на знаёмую расійшчыну, ідучы ў адваротным ад яе кірунку. Калі ёсць на выбар два варыянты — падобнае да расійскай ці непадобнае — выбар будзе на карысць непадобнага.

Неафіцкі кірунак мове быў зададзены ў майстроўска-талакоўскія часы гэткімі ж нованавучанымі, былымі расійскамоўнымі.

Прачыталі пра рэформу 1933, пра русіфікацыйныя захады, прачыталі крытыку эмігрантаў. Зрабілі высновы, простыя, як граблі: усё, цяпер існае — сталінская, савецкая норма, ачышчайма! Нованавучаныя, без пяці хвілін беларускамоўныя сталі разважаць пра правільнасць беларускай мовы.

У чым грунтоўная хіба — у тым, што гэтак тагачасная мова стала разглядацца як абстрактны масіў тэкстаў і словаў, якім калісь маніпулявалі бальшавікі і якую, маўляў, цяпер мы адбяром у іх, каб маніпуляваць ёю ў добры бок. Пры гэтым жывыя людзі, якія размаўлялі на гэтай «савецкай» норме, вучыліся ў беларускамоўных школах, мякка кажучы, недаацэньваліся, калі не ігнараваліся.

Парадаксальны і самазнішчальны падыход. З аднаго боку, жаліцца на тое, што мова знікае, з другога — ва ўпор не бачыць жывых носьбітаў, ігнараваць іх дзеля канструявання сваіх лінгвістычных ідэалаў, адштурхоўваць іх. Ніхто не адмаўляе факта русіфікацыі і патрэбы вяртаць гарманічнае і самастойнае развіццё беларускай мове. Толькі вось выйшла ўсё гэта нашмат далей. Выкідваліся і дыскрымінаваліся словы, якія настолькі ж расійскія, колькі і беларускія, прыдумляліся без патрэбы ўласныя наватворы, выкопваліся ў немаведама-якім-чарговым-слоўніку чарговыя экзатычныя словы, якія без слоўніка і зразумець немагчыма, запазычваліся словы з украінскай, польскай і нават чэшскай моваў.

Пры гэтым кожны неафіт лічыў сябе носьбітам «ісціны» і абавязкова цябе папраўляў.

Праз гэтае змаганне з расійскімі ведзьмамі атрымлівалася, што з вадой выліваюць дзіця. Мова перастае быць сродкам камунікацыі.

Устоянасць, унармаванасць мовы — важны яе здабытак, які спрыяе паразуменню, утварае базіс для камунікацыі. У выніку празмернай актыўнасці неафітаў, празмернага імкнення да пурызму ўнармаванасць аказалася пад пагрозай, народ перастаў разумець занадта захопленых інтэлектуалаў.

Сталыя людзі, носьбітамі старой моўнай нормы, іх не цікавяць — яны «савецкія». Тыя слоўнікі, якія ў асноўным адлюстроўваюць маўленне гэтых носьбітаў, таксама «савецкія».

Спытаеце, у чым праблема? Калі нованавучаным беларускамоўным гэта падабаецца і пры гэтым яны размаўляюць па-беларуску, можа, і добра тое, мова адраджаецца? Праблема ёсць. Гэта праблема ў далучэнні шырэйшага кола, у прыдатнасці мовы для вывучэння, у яе даступнасці да засваення.

Калі замест мовы, з якой яны там ці тут сутыкаліся, замест школьнай нормы яны сутыкаюцца з чыімсьці выкрунтасам — паверце, ахвота размаўляць знікне хутка.

Кажуць, што шмат у чым такія захады па ачышчэнні былі створаныя для папулярызацыі мовы, каб пазбавіць яе іміджу каравай мовы або пераробкі з расійскай (трасянкі). Логіка ў гэтым ёсць, але паўтаруся: ўсё разумна ў меру.

Перагібы гэтай палітыкі — хаос (калі адно і тое ж паняцце называюць самымі рознымі словамі), малая вядомасць слоў (хтось выкопвае экзотыку), выдумкі (цішоткі), памылковыя і міфічныя словы (гаўбец замест балкона, глядзі пра гэта тут).

Можна зрабіць мову прывабнай для адной катэгорыі — неафітаў, шукальнікаў экзатычнага, нерасійскага — і пры гэтым адвабіць яе астатніх праз меншую зразумеласць або праз невыносную неўнармаванасць.

У пытанні дэрусіфікацыі мовы ўсё трэба рабіць акуратна. Трэба захоўваць баланс гарманічнай беларускасці, жывой творчасці і адначасова вядомасці і ўстоянасці.

Асобна трэба сказаць пра Станкевіча. Гэта вядомы арыгінал. У сваіх творах ён крытыкуе русізмы, у яго слоўніку самабытныя словы. Неафіту чытаць Станкевіча — бальзам на раны, столькі расійшчыны выкрывае, столькі непаўторных слоў адкрывае. Толькі вось трэба ведаць, што ўдзячную аўдыторыю Станкевіч набыў якраз сярод русіфікаваных неафітаў, якія імкнуліся «абы не па-руску». Сярод сваіх сучаснікаў, тады яшчэ прыроджаных носьбітаў яшчэ не такой русіфікаванай Беларусі, і, што галоўнае, сярод мовазнаўцаў, ён не каціраваўся. Яго і яго мову не разумелі, яго фантазіі крытыкавалі. Пачытайма: «Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны» С. Запрудскага.

Гаворка тут не толькі пра мову, а пра філасофію нацыянальнага адраджэння ўвогуле. Шмат хто ў Беларусі першапачаткова жыў расійскай культурай у расійскамоўным асяроддзі. Большасць прызвычаілася, але да некаторых прыйшло ўсведамленне: нешта не так, мы не расійцы, а беларусы. І вось далей можа развіцца проста імкненне ўцячы ад усяго расійскага, знайсці ў беларушчыне тое, што будзе нагадваць расійшчыну як мага менш. Мова, яе лексіка — толькі частка.

Вось некаторыя з праяў імкнення быць нерасійскім: — была ў Беларусі лацінка — давайце пісаць лацінкай; — расійскія праваслаўныя скасавалі ўніяцтва, якое калісьці было ў большасці — значыць праваслаўе ёсць расійшчына, даеш уніяцтва; — русіфікацыя часта абгрунтоўваецца славянскім адзінствам, а тут мы даведаліся пра балцкія карані, значыць, беларусы — балты, асіміляваныя славянскай мовай; — Рэч Паспалітая — гэта добра, раўнапраўная краіна палякаў і беларусаў, і польская мова не чужая для беларуса; — Беларусь — шкодная назва, праз якую мы русіфікаваліся, трэба называцца выключна Літвой…

Тыя хто шукае кантрасту з расійшчынай, той яго і выбірае. Пытанне толькі ў тым, наколькі кантраснае адносна расійшчыны супадае з беларушчынай. Наколькі яно прымальнае, прывабнае, магчымае для большасці беларусаў.

У простых беларусаў могуць быць іншыя ўстаноўкі і разуменне Беларусі, а не голае «не хачу быць расійцам»; у іх можа быць вобраз беларускай Беларусі з прыманнем праваслаўя, кірыліцы, славянскай тоеснасцю.

Беларушчына — не музей, не паноптыкум, а ўласцівасці нашага народу.

Дзеля эфектыўнасці зносін не цурайцеся гаварыць простымі, агульназразумелымі словамі. Імкненне бліснуць новавывучаным словам часта на шкоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?