Падставай для палемікі стала двухсерыйная дакументальная стужка «Праклятыя і забытыя», якая выйшла ў эфір на канале «Белсат».
С.Богдана абурыла меркаванне рэжысёра Антося Цялежнікава, на думку якога «дыверсанты з Дальвіца насамрэч былі людзьмі, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля мары – вольнай і незалежнай Беларусі».
Больш за тое, дадае Богдан, «яны быццам бы былі «беларускімі жаўнерамі», «беларускімі камандас». Маўляў, нямецкі абвер тут ні пры чым, яны былі ў Беларускай незалежніцкай партыі (БНП) і рабілі беларускую справу».
Яму запярэчыў у сваім блогу гісторык Алесь Гелагаеў: «Ваяваць супраць Сталіна – годная беларуская справа.
Дый наконт падкантрольнасці — хто з іх быў пад якім кантролем у польскіх і беларускіх лясах? Ніякі абвер іх там не кантраляваў».
Калі абстрагавацца ад дробных падрабязнасцяў і нюансаў, галоўнае пытанне дыскусіі палягае ў наступным:
хто для Беларусі горшы – Гітлер або Сталін? Ці можна ставіць паміж імі знак роўнасці?
Пазіцыя Сяргея Богдана наступная: «Якія б ні былі ў беларусаў крыўды на Саветы — у СССР існавала квазідзяржава Савецкая Беларусь, а бальшавікі не ставілі мэтай знішчэнне беларусаў як беларусаў.
Бальшавіцкі тэрор быў масавы, але палітычны, а не расавы. Немцы ж не хавалі сваіх расавых планаў – ні ў словах, ні ў дзеях».
Алесь Гелагаеў сцвярджае адваротнае: «Савецкую прапаганду «БССР – беларуская дзяржава» аўтар ставіць вышэй за сотні тысячаў забітых і памерлых у няволі беларусаў. Дарэчы, нацысты таксама не ставілі мэтай знішчэнне беларусаў як беларусаў. (…). Нямецкі тэрор супраць беларусаў таксама быў палітычным, а не расавым.
Па прыкмеце расы знішчалі жыдоў і цыганоў». Таму робіцца выснова:
«Ваяваць супраць Сталіна – годная беларуская справа». Сітуацыя напрыканцы вайны тлумачыцца простай логікай: «Са слабейшым ворагам – супраць мацнейшага. Што дзіўнага?».
Узнікненне такой дыскусіі ў Беларусі - з'ява невыпадковая. У Францыі не прапаноўваюць рэабілітаваць уласных калабарантаў на чале з маршалам Петэнам (між іншым, героем Першай сусветнай вайны), а ў Нарвегіі – палітыкам Квіслінгам. У абедзвюх краінах існаваў дэмакратычна абраны ўрад, зрынуты нямецкімі акупацыйнымі войскамі.Таму для краін Заходняй Еўропы гісторыю Другой сусветнай можна патлумачыць праз просты выбар: дэмакратыя або таталітарызм. Трэці шлях адсутнічаў.
А вось Беларусь на працягу большай часткі ХХ стагоддзя не мела досведу дэмакратычнага развіцця. Таму перад сучаснымі гісторыкамі ўзнікае дылема. Або заплюшчыць вочы на асобныя праявы савецкага рэжыму, які ў тых умовах з’яўляўся адзінай альтэрнатывай нямецкай акупацыі. Або вітаць змаганне з адным таталітарным рэжымам пры дапамозе другога.
Зрэшты, існуе яшчэ адзін крытэрый для вызначэння ўласнай пазіцыі ў гэтай дыскусіі. Варта згадаць асобаў, якія са зброяй у руках змагаліся за Беларусь па розныя бакі фронту, а потым рэалізаваліся ў мастацтве. Бо творчасць – вельмі тонкая матэрыя.
Нельга рабіць рэчы, несумяшчальныя з тваім сумленнем, а потым стварыць галоўны твор свайго жыцця.
Дзеля прыкладу возьмем літаратуру. Калі звярнуцца да савецкага досведу, можна назваць прозвішчы Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Валянціна Тараса і іншых. А вось з нямецкага? Так, па другі бок барыкадаў знаходзіліся Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Алесь Салавей. Але яны працавалі дзеля адраджэння беларускай культуры.
А ці шмат прыкладаў тых, хто змагаўся на нямецкім баку са зброяў у руках? Нават Кастусь Акула, адзін з найбольш вядомых празаікаў-эмігрантаў, толькі непрацяглы час вучыўся ў Мінскай афіцэрскай школе Беларускай краёвай абароны. Але ваяваў у складзе 2-га Польскага корпуса Брытанскай арміі!
Сапраўды, паміж таталітарнай Германіяй і СССР можна знайсці багата падабенстваў. Нашы суайчыннікі, чыя нацыянальная свядомасць была надзвычай высокай, маглі шчыра змагацца за Беларусь у абедзвюх арміях. Але ёсць і прынцыповае адрозненне. Нацысты ў часе той вайны праводзілі генацыд захопленых народаў, саветы — не.
Малады гісторык Антон Рудак таксама ўзяў удзел у дыскусіі Богдана і Гелагаева.
На думку Рудака, «Богдан, натуральна, не даследчык гэтай тэмы, таму ў ягоным тэксце ёсць да чаго дачапіцца. Перадусім я пра датычнасць Гадлеўскага да БНП часоў акупацыі і ягоны нібыта неаспрэчны маральны аўтарытэт». Але ў цэлым Рудак безумоўна на баку Богдана ў тым, што датычыць катэгарычнага асуджэння калабарантаў і непрымальнасці супастаўлення «партызана з паліцыянтамі-карнікамі і дыверсантамі».
Рудак таксама іранізуе са спробаў зрабіць з гадаванцаў Дальвіца гераічных «камандас»: «Удзельнікі групы Вітушкі ўпершыню пабачылі парашут у ноч дэсанту».