Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнай пракуратуры супольна з Вярхоўным судом больш старанна разбірацца ў рэзанансных справах, такіх як жорсткае забойства дзяўчыны ў Гомелі.
«Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінны быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам генпракурора Аляксандра Канюка. — У адваротным выпадку мы ніколі не навядзем парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпературу ў грамадстве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».
Нагадаем, Аляксандр Груноў абвінавачваецца ў здзяйсненні забойства з асаблівай жорсткасцю (студэнтка Наталля Емельянчыкава атрымала 102 нажавыя раненні). Суд над ім завяршыўся ў чэрвені. Тады яго прысудзілі да выключнай меры пакарання — расстрэлу.
Аднак у кастрычніку Вярхоўны суд задаволіў касацыйную скаргу яго адваката.
Першы працэс быў прызнаны памылковым, і справа накіраваная на перагляд. Цяпер судзіць Грунова будуць іншыя суддзі.
Паўторны суд над гамельчуком распачнецца 26 лістапада.
Аляксандр Груноў ужо пераведзены з камеры смяротнікаў мінскага СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў СІЗА Гомеля,
паведаміў праваабаронца Андрэй Палуда.





