У Літве пашыраецца рух «жэмайтаў» або «жмудзі». На гэтым тыдні ініцыятыўная група заявіла пра стварэньне Жмудзкай палітычнай партыі.

Беларускаму чытачу слова «жмудзь» вядомае з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — сярэднявечнай балта‑славянскай дзяржавы, куды ўваходзіла Беларусь і дзе беларуская мова была дзяржаўнай. Паводле гісторыкаў, народнасьць, якая тады называлася «жмудзь», стала ў далейшым асновай сучаснай літоўскай нацыі.

Як паведамляецца ў заяве ініцыятыўнай групы, будучая жмудзкая партыя будзе імкнуцца праз абраных прадстаўнікоў ураду і самаўрадаў праводзіць такую палітыку кіраваньня краінай, якая б гарантавала эканамічнае й сацыяльнае разьвіцьцё Жмудзі, узмацняла веру жмудзінаў у сябе, а таксама захоўвала жмудзкую гістарычную й культурную спадчыну.

Трэба сказаць, што ня ўсе ў Літве й нават сярод жэмайтаў падтрымліваюць гэтую ідэю. Напрыклад, галоўная рэдактарка часопіса «Žemaičių žemė» («Жмудзкая зямля») Данута Мукене заявіла журналістам: «Я лічу, што палітычныя партыі нельга ствараць на этнічнай падставе. Я не прыхільніца такой партыі й не хачу мець зь ёй нічога супольнага».

Устаноўчы сход новай партыі мае адбыцца ў лістападзе.

Каб ацаніць маштаб і характар гэтай падзеі для Літвы, дастаткова ўявіць сабе, што ў Беларусі загаварылі б пра вылучэньне ў асобную нацыянальнасьць крывічоў, якія пасьля дамагаліся б стварэньня Крывіцкай партыі. Зразумела кожнаму, што ў сёньняшняй Беларусі такія «экзатычныя» ініцыятывы пэрспэктывы ня маюць, бо нават самыя звычайныя грамадзкія арганізацыі ліквідуюцца, а стварэньне новых замарожана на неакрэсьлены час.

Аглядальнік, Свабода, беларуская газэта

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру