Удзельнікі ініцыятыўнай групы «Полісэксуальная Беларусь» звярнуліся ў Камісію па этыцы пры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Яны палічылі некарэктнай зацемку «Выключыць аўтаматычна!». І просяць камісію паўздзейнічаць на журналіста і рэдакцыю.

«На нашу думку, названы артыкул утрымлівае дэзінфармацыю пра гомасэксуальную схільнасць, а таксама прапаганду дыскрымінацыі па прыкмеце гомасэксуальнасці (прапаганду гомасэксафобіі).

Тым самым ён парушае такія правы чалавека, як права на аб’ектыўную інфармацыю, права на павагу асобы ды адсутнасць дыскрымінацыі», — гаворыцца ў звароце.

Падпісантаў абурыла «пазіцыя журналіста, які салідарызуецца з Маладым фронтам у пытаннях парушэння правоў чалавека». На з’ездзе МФ была прынятая рэзалюцыя аб аўтаматычным выключэнні з арганізацыі актывістаў, якія прапагандуюць між іншым «маральную разбэшчанасць (п’янства, наркаманію, педафілію, гомасэксуалізм)».

«Эмацыйнае і бяздоказнае прыроўніванне гомасэксуальнасці да разбэшчанасці ў сілу негатыўна-экспрэсіўнага характару спараджае дыскрымінацыю гомасэксуальнай часткі грамадства», — гаворыцца з звароце ў Камісію па этыцы.

Па словах аднаго з падпісантаў Алексы Кліменкі, іх ініцыятыўная група паўтара года праводзіць маніторынг артыкулаў «Народнай волі» на дапаведнасць прынцыпам цярпімасці і навуковай карэктнасці ў сексуальнай і гендарнай сферах. І, маўляў, фіксавалі публікацыі гомафобскіх артыкулаў, з чым звярталіся раней у рэдакцыю газеты. Але іх ігнаравалі, і цяпер яны падалі заяву ў БАЖ. 

На думку намесніцы галоўнага рэдактара «Народнай волі» Святланы Калінкінай, «Полісэксуальная Беларусь» проста піярыцца. «На мой погляд, гэтыя людзі хочуць папулярнасці, — кажа Калінкіна. — Канфлікту няма і быць не можа. Гэта была зацемка пра рэзалюцыю Маладога фронту. Аўтар ніяк не мог змяніць яе тэкст. Чаму гэтыя людзі пакрыўдзіліся на «Народную волю»? Калі яны прыходзілі да нас, галоўнай прэтэнзіяй было тое, што тэкст рэзалюцыі мы не ўзялі ў двухкоссі. Але ж па законе «Аб СМІ» мы не можам цытаваць рэзалюцыі незарэгістраваных арганізацый.

Калі ж браць шырэй, то кожны мае права на сваю думку, на сваё стаўленне», — кажа Калінкіна.

Варта нагадаць, «Малады фронт» — суполка моладзі, якая стаіць на кансерватыўных, хрысціянскіх пазіцыях. Улады пераследавалі яе, у тым ліку знявольвалі яе лідараў за іх актыўны ўдзел у руху за дэмакратыю, грамадзянскія і нацыянальныя правы беларусаў. Цяпер МФ зарэгістраваны ў Чэхіі.

«Малады фронт» крытычна ставіцца да дзейнасці радыкальных гей-актывістаў, што выступаюць за наданне афіцыйнага статусу аднаполым шлюбам і хацелі б большай публічнасці для сэкс-меншасцяў.

«Народная воля» — папулярная незалежная газета, якая вызначаецца плюралізмам думак. «Полісэксуальная Беларусь» — гэта малавядомая раней ініцыятыва.

Мэта яе, як сцвярджаецца, гэта распаўсюджванне «гуманістычных полісэксуальных каштоўнасцяў» — цярпімасці да ўсіх палоў і гендараў у незалежнасці ад сэксуальнай прыхільнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?