Міністры абароны і замежных спраў Еўрапейскага Саюза дамовіліся аб чатырох асноўных напрамках вайсковага ўзаемадзеяння, дакладвае Jane's. Гаворка ідзе пра паветраную дазапраўку, беспілотныя лятальныя апараты, кібербяспеку і спадарожнікавыя сістэмы сувязі. Базавае пагадненне аб узаемадзеянні было падпісана ў Брусэлі 19 лістапада, яно будзе канчаткова зацверджана на пасяджэнні міністраў абароны ЕС у снежні. Падрабязнасці пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне кібербяспекі і спадарожнікавых сістэм сувязі пакуль невядомыя.

У рамках праграмы развіцця адзіных стандартаў паветранай дазапраўкі дзевяць краін, прадстаўленых у Еўрапейскім абаронным агенцтве (EDA), – Бельгія, Францыя, Грэцыя, Венгрыя, Люксембург, Нідэрланды, Польшча, Партугалія і Іспанія, а таксама Нарвегія (не ўваходзіць у ЕС) – падпісалі пагадненне ў намерах сумесна набыць новыя самалёты-запраўшчыкі. Парк такіх самалётаў, якія знаходзяцца ў сумесным выкарыстанні краін, плануецца сфармаваць да 2020 года. У частцы ўзаемадзеяння па беспілотніках краіны Еўрасаюза дамовіліся працаваць па трох накірунках.

Па-першае, з сямі ваенных бюджэтаў краін ЕС будуць вылучацца сродкі на распрацоўку ключавых тэхналогій, патрэбных для стварэння беспілотнікаў, уключаючы аўтаматычныя ўзлёт і пасадку і сістэму кіравання паветраным рухам.

Па-другое, краіны будуць сумесна развіваць парк вышынных разведвальных беспілотнікаў з большай працягласцю палёту і абменьвацца разведвальнай інфармацыяй.

І па-трэцяе, краіны ЕС дамовіліся сумесна выпрацаваць патрабаванні да перспектыўных вышынных разведвальных беспілотнікаў з вялікай працягласцю палёту, якія будуць распрацоўвацца ў Еўропе. У рамках гэтага ж кірунку супрацоўніцтва краіны прадумаюць магчымасць інтэграцыі вышынных беспілотных апаратаў у адзіную паветраную прастору, у якой таксама змогуць выконваць палёты ваенныя і грамадзянскія самалёты.

У гэтай праграме не будзе ўдзельнічаць Вялікабрытанія, якая распрацоўвае такі апарат самастойна. На парадку дня ў ходзе пасяджэння міністраў абароны краін Еўрасаюза стаяў таксама пяты кірунак ваеннага супрацоўніцтва – падтрымка абаронна-прамысловага комплексу. Па ім бакі дамовіцца не здолелі, пераважна з-за неабходнасці адмены падатку на дабаўленую вартасць пры міжнароднай кааперацыі і размеркавання фінансавання пры правядзенні сумесных распрацовак.

Збольшага рэалізацыя абумоўленых у пагадненні накірункаў узаемадзеяння ўжо рэалізуюцца. У верасні 2013 года EDA правяло вучэнні, мэтай якіх была праверка самалётаў-запраўшчыкаў ВПС Італіі на адпаведнасць адзіным стандартам паветранай дазапраўкі Еўрасаюза. Увядзенне адзіных стандартаў паветранай дазапраўкі на тэрыторыі ЕС пачалося ў 2012 годзе пасля выхаду адпаведнай дырэктывы EDA.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?