Выпадкова ці не, але атрымліваецца, што некалькі запісаў запар я раблю пра каталікоў і наконт каталікоў. Праўда, па большасьці высокага рангу – на ўзроўні вышэйшай герархіі. А зараз я хачу распавесьці пра асабістую сустрэчу з каталіком. Дакладней – грэка-каталіком. І хоць таксама сьвятаром, але звычайным. Маладым і, калі так можна казаць, радавым.

Трэба сказаць, што раней мне асабліва не прыходзілася кантактаваць са сьвятарамі-каталікамі. Неяк навогул больш з пратэстантамі, дакладней – баптыстамі. З каталікамі памятаю толькі кароткія размовы з айцом Янам Матусевічам, айцом Уладзіславам Завальнюком… Яшчэ аднойчы мяне настаяцель пасылаў па адной, скажам так, дыпляматычнай справе да айца Альберта, які служыў на Кальварыйскіх могілках. Але ўсё гэта было вельмі коратка, нават фармальна. І, зразумела, пры адсутнасьці жывых кантактаў міжвольна трапляеш у палон нейкіх стэрэатыпаў і ўстановак, якія фармуюцца пад уплывам усякага кшталту па сутнасьці віртуальнай інфармацыі, якой так багаты сёньня сьвет…

Не скажу, што гэтая сустрэча, якая адбылася на мінулым тыдні, так ужо кардынальна паўплывала на мае віртуальныя ўстаноўкі. Але яна дала нейкія новыя ня столькі веды, колькі ўражаньні. Здаецца, так проста проста – часьцей сустракацца з жывымі людзьмі. Бо што ня робіцца ў сьвеце, усё робіцца праз канкрэтных людзей.

Дык вось так атрымалася, што Гасподзь падараваў мне сустрэчу з такім чалавекам як айцец Андрэй Буйніч. І ня толькі мне аднаму. Мы, чацьвёра праваслаўных, прыйшлі па яго запрашэньню на прагляд і абмеркаваньне фільму, што ён робіць для ўсіх жадаючых кожны аўторак.

Грэка-каталікоў ў Менску і так ня так шмат, а на розныя такія сустрэчы звычайна зьбіраецца невялічкая колькасьць вернікаў нават і ў праваслаўных. Таму мы чацьвёра склалі палову ўсіх прысутных.

Мы сустрэліся са сьвятаром, і ў гэты раз і сам фільм таксама быў пра сьвятара. Трагічныя абставіны яго жыцьця сталі выпрабаваньнем на сапраўднасьць ягонага сьвятарства. І праз гэта перад гледачом адкрываецца няпросты мір чалавека, які мусіць весьці людзей, але сам ў такім абставінах, што ня ведае, куды ісьці яму самаму, як жыць, як ставіцца для сваёй асабістай трагедыі. Стваральнікам фільму ўдалося паказаць, што пад сутанай просты нават слабы чалавек, але, як ні парадаксальна, менавіта праз гэтую прастату адкрываецца ўся складанасьць і адказнасьць сьвятарскага служэньня.

У гэтым быў сэнс фільма, і таму тэмай абмеркаваньня пасьля яго была, зразумела, тэма сьвятарства. Але ня толькі. Разам з тым пайшла гаворка і аб адказнасьці кожнага верніка перад людзьмі, ягонага стаўленьня да Бога. Бо ў глыбокім сэнсе мы ўсе сьвятары. Гасподзь заклікаў нас да ўсеагульнага сьвятарства, пра якое вельмі пранікліва кажа апостал Пётр:

“Але вы - род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло”

(1Пет.2:9)

Мы пакліканы несьці сьвятло Божае ў гэты сьвет. Усе, але, зразумела, найбольш усяго людзі чакаюць сьвятла ад тых людзей, якіх само гэтае “усеагульнае сьвятарства” называе сьвятарствам. Сьвятарства ў сьвятарстве, атрымліваецца.

І магу сказаць, што менская грэка-каталіцкая супольнасьць набыла ў асобе айца Андрэя такога пастыра, які здольны дадаць значную частку Божага ў навакольны сьвет. Не, я не кажу пра нейкую такую асаблівую “сьвятасьць” – гэта такая рэч, пра якую адразу па адной сустрэчы і ня варта рабіць высновы. Але адразу падкупіла такая непадробная шчырасьць адкрытасьць і чуласьць. Нешта такое, што дазваляе бачыць у сьвятары ня толькі айца, але і добрага сябра, з якім можна і параіцца, і паспрачацца.

У той вечар мы як раз паспрачаліся шмат. І месцамі даволі рэзка. Але гэтая рэзкая таму і была магчымая, што мы адчувалі сяброўства. І ня толькі з боку айца Андрэя, але і ўсіх прысутных…

Скажу яшчэ, што на мінулым тыдні а. Андрэй адкрыў свой блог у Жывым Журнале. Адзін з першых запісаў называецца “Пра тэрор”. І пачынаецца ён так:

“Я супраць тэрору. Супраць тэрору пад кожнай яго постацьцю. Безумоўна мне неабыякава барадзьба супраць ісламскіх экстрымістаў... Мова аднак пойдзе сёньня пра экстрымізм іншага гатунку – наш, родны, тутэйшы.

Ахвярамі яго з’яўляемся мы ўсе. Ніхто ня ведае, калі бяда напаткае нас: на вуліцы, каля крамы, у пад’езьдзе? Нажаль гэты тэрор стаўся часткай нашага штодзённага жыцьця. Можна сказаць “хлеб наш насущный”. Ён стаўся чымсьці, на што не звяртаем увагу, ён стаўся нормай. У ім няма нічога надзвычайнага, бо ён ёсьць паўсюль у нашай краіне: і ў вёсцы і ў горадзе, на працы і ў адпачынку. Ахвярамі яго робяцца маладыя і старыя, жанчыны і мужчыны. Нa яго шляху не з’яўляюцца перашкодамі ані тоўстыя сьцены, ані металёвыя дзьверы…

Што гэта за тэрор такі? Цікава? Тады прыходзьце, чытайце і камэнтуйце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?