Скончыўся гандаль на найбуйнейшым кірмашы Эўропы — Варшаўскім стадыёне Дзесяцігодзьдзя, куды цягам апошніх амаль 20 гадоў па тавары прыяжджалі тысячы беларусаў. У нядзелю на стадыёне пабываў карэспандэнт Свабоды.

Спадарыня Тацяна — з заходняй Беларусі, на стадыёне гандлюе каля 5 гадоў. Яна просіць сваю суседку — армянку папільнаваць тавар — штучнае футра, а сама ідзе набыць круху касмэтыкі:

«Мне яшчэ трэба пайсьці там… замовіла бляск для вуснаў, памаду…»

Тацяна ня хоча, каб размова запісвалася, пагаджаецца сказаць толькі некалькі слоў — яна шкадуе, што гандлю на стадыёне ўжо ня будзе:

«Усе гандлявалі, ехалі, і ўсім добра было — і нам, і ім.»

Улады Варшавы і шмат хто з жыхароў польскай стаіцы, аднак, лічаць іначай — стадыён, які знаходзіцца зусім недалёка ад цэнтру гораду, выглядае вельмі брыдка з намётамі і сьмецьцем, але перадусім — у Польшчы і ва Ўкраіне праз 5 гадоў адбудзецца футбольны чэмпіянат Эўропы, і тут будзе пабудаваны новы сучасны стадыён.

«Гэта праект, ад якога шмат чакаюць, і новы нацыянальны стадыён павінен быць пабудаваны, нягледзячы на тое, што, можа, і ня ўсё атрымаецца зрабіць да чэмпіянату Эўропы», — заявіла міністар спорту Польшчы Эльжбета Якубяк.

Замест стадыёну гандляры атрымаюць магчымасьць ад наступнай вясны гандляваць у іншым месцы — на вуліцы Радзыміньскай, але гэта, як яны кажуць, ужо ня тое.

Разьвітвацца з адным з сымбаляў пачатку эканамічных пераменаў ва ўсходняй Эўропе, месцам, дзе ад сярэдзіны 50‑х адбываліся найважнейшыя мерапрыемствы камуністычных уладаў, а потым пачаў гаспадарыць рынак, дзе гандляры разумеюць мовы ўсіх усходніх суседзяў Польшчы, крыху сумна.

Магчыма таму ў нядзелю, апошні дзень гандлю на стадыёне часта ўключалі вядомы польскі шлягэр 30‑х гадоў — танга «Апошняя нядзеля»…

Аляксей Дікавіцкі, Радыё Свабода/a>

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0