Праграма нацыянал-кансэрватараў называлася «Ўкраінскі прарыў». Цімашэнкаўцы прапанавалі выбарцам сумесь вялікіх ідэй і малых абяцаньняў.

“Мы абіраем шлях справядлівасьці, шлях яднаньня ўкраінскага народу. Місія ўкраінскага народу – адбудаваць грамадзтва вышэйшай маралі, дзе гарманічна будуць спалучацца асабістая свабода, абароненасьць і дастатак”, – менавіта гэтымі словамі пачынаецца перадвыбарчая праграма Юліі Цімашэнкі.

Праграма нацыянал-кансэрватараў называлася «Ўкраінскі прарыў». Цімашэнкаўцы зрабілі стаўку на вялікія ідэі. Яны запрапанавалі выбарцу ня толькі «стабільнасьць» ці «дэмакратыю». У грунце іхнай прапановы было стварэньне новай агульнанацыянальнай задачы для маладой нацыі. Украінцам, перадусім маладому пакаленьню, гэта імпанавала. Сярод выбарцаў у веку да 30 гадоў блёк Цімашэнкі атрымаў абсалютную большасьць галасоў.

Цімашэнкаўцы не абмежаваліся рыторыкай. Яны правялі выключна напружаную агітацыйную кампанію. Па ўласным прызнаньні Юліі Цімашэнкі, найбольшым ейным жаданьнем было дачакацца 29 верасьня, калі канчалася перадвыбарчая агітацыя, каб можна было троху адпачыць.

«Юля», як называюць яе ўкраінцы, праехала рэгіёны ўздоўж і ўпоперак. Прычым паўтара вырашальных месяца палітык правяла пераважна не на Кіеўшчыне і захадзе, дзе нацыянал-дэмакраты наймацнейшыя, а ў палітычна нявызначаных рэгіёнах цэнтру і поўдня з выездамі на ўсход. Нават галасавала яна ў сваім родным Днепрапятроўску, а ня ў Кіеве, як іншыя палітыкі.

Юлія вядомая як выключны аратар і прамоўца. Прамовы Цімашэнкі выклікалі ў людзей усю палітру пачуцьцяў і адчуваньняў: ад сьмеху да сьлёзаў.

Сваю перадвыбарчую кампанію Юлія Цімашэнка правяла выключна на ўкраінскай мове. Ключавымі ідэямі кампаніі былі салідарнасьць, духоўнасьць, праўдзівасьць і справядлівасьць. Цімашэнка паабяцала якасна новыя грамадзкія каналы тэлебачаньня і радыё, незалежнасьць судовай сыстэмы. Вялікая стаўка была зробленая на сацыяльную палітыку. У выпадку перамогі Цімашэнка паабяцала, што за выхаваньне і адукацыю дзяцей будуць аднолькавыя кошты як у дзяржаўных, так і ў прыватных установах адукацыі, зьявяцца мэдычныя страхоўкі для бедных, якія будзе купляць дзяржава, працоўныя на год атрымаюць яе ад прадпрыемства, для ўсіх зьявіцца асабісты рахунак, на які будуць ісьці ашчаджэньні на пэнсію на працягу ўсяго жыцьця.

Цімашэнка выступае за замежныя інвэстыцыі ва ўкраінскую эканоміку, пры гэтым засьцерагаючы, што права на зямлю будуць мець толькі грамадзяне Ўкраіны.

Цімашэнка гуляла на нотках незадаволенасьці насельніцтвам дзеяньняў уладаў: “Мы разьяднаем карупцыйнае аб’яднаньне ўлады і капіталу. Улада несправядлівая, бо бескантрольная”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?