Адкрыццё фестывалю сучаснай паэзіі «Парадак слоў» планавалася правесці ў мінскім Доме літаратара 2 кастрычніка. Пытанне з арэндай гэтага памяшкання, здавалася, было вырашана. Арганізатары ва ўсю рэкламавалі сваю імпрэзу. Але раптам яна апынулася пад пагрозай зрыву.

На адкрыццё фестывалю запрасілі літаратараў не толькі з Беларусі, але і з Украіны ды Расіі, у вялікай залі Дома літаратара меўся адбыцца ў межах фэсту і канцэрт гурта «Port Mone». Арганізатар фестывалю «Парадак слоў» Мікалай Суліма распавёў Рацыі аб сітуацыі вакол фэсту.

— Нам адмовілі ў арэндзе і нічога практычна не патлумачылі. Выконваючы абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення справамі прэзідэнта Казакевіч прыняў рашэнне адмовіць у правядзенні дадзенага мерапрыемства ў Доме літаратара. Хоць да гэтага дырэктар корпуса на Фрунзэ,5 запэўніваў, што ніякіх праблем з арэндай не будзе, і на днях будзе падпісана дамова.

Паэт Мікалай Суліма не першы раз ладзіць літаратурныя імпрэзы. Сёлетні фестываль «Парадак слоў» — ужо другі па ліку, да гэтага ён таксама арганізаваў у Мінску серыю вечароў пад падвоенай назвай «Навстречу‑Насустрач», дзе выступалі выступалі самыя яркія беларуска‑ і рускамоўныя паэты. Не ўпершыню ён сутыкаецца і з такім стаўленнем чыноўнікаў да падобных імпрэзаў. Яны проста не хочуць рызыкаваць, мяркуе Мікалай Суліма.

— З такой пазіцыяй неаднакроць даводзілася сутыкацца. Такую ж пазіцыю, напрыклад, агучыў дырэктар мінскага Палацу моладзі, які сказаў, што мы, маўляў, не ведаем, што вы там будзеце рабіць, якія вершы будзеце чытаць, чаму вучыць нашу моладзь. Таму сказалі: нам прасцей адмовіць, каб наогул не мець аніякіх праблем.

Яшчэ адзін арганізатар фэсту «Парадак слоў», расійскі літаратар Андрэй Новікаў некалькі год таму ўсур’ёз зацікавіўся беларускай паэзіяй. Сёлета ў траўні ён зладзіў у Маскве паэтычныя чытанні з удзелам Андрэя Хадановіча ды іншых беларускіх паэтаў, а цяпер рыхтуе зборнік беларуска‑расійскай паэзіі. Ён кажа, што ў Расіі падобных праблем з правядзеннем культурных вечарын няма. Ён можа толькі здагадвацца, чаму ў Беларусі паэзія, як і рок‑музыка, выклікае такую рэакцыю ў чыноўнікаў.

— Такой праблемы ў нас у прынцыпе няма, бо ў Расіі хапае праблем і без паэзіі. Паэзія стварае праблемы толькі ў моцна забюракратызаванай краіне, як Беларусь. Сучасны паэтычны фестываль ужо загадзя мае такую «крамолу», бо ў паэтаў няма абмежаванняў, у сваіх вершах яны кажуць тое, што хочуць. Можа гэта якраз і не падабаецца тым, хто адмовіў нам.

Паэта Адама Глобуса арганізатары фестывалю «Парадак слоў» запрасілі на адкрыццё — і ён з задавальненнем пагадзіўся. Навіне пра перанос фестывалю Глобус зусім не здзівіўся. Кажа, што гэта рэч звычайная.

— Трэба радавацца, калі не адмаўляюць (смяецца). Заўжды знаходзіцца нейкі «вахцёр», якому нешта падаецца, які перастрахоўваецца. Хаця я лічу, што гэта поўнае глупства — ствараць інфармацыйную нагоду на роўным месцы. Прыйдуць паэты — пачытаюць вершы. Гэта тое самае, што ранішнік забараніць…

Арганізатарам удалося зрэагаваць аператыўна і знайсці залю, таму пяцідзённы літаратурны фестываль пройдзе, як тое планавалася. Акрамя Адама Глобуса на адкрыцці «Парадку слоў» 2 кастрычніка ў Пушкінскай бібліятэцы а 17-й у Мінску возьмуць удзел Алесь Камоцкі, Людміла Рублеўская, а таксама госці з Украіны Аляксандр Кабанаў ды Ірына Крук і расійскія паэты. Потым цягам тыдня штодня будзе адбывацца па вечарыне. Літаратары будуць перамяшчацца па Мінску — музей Ваньковічаў, музей Багдановіча ды Пушкінская бібліятэка — і па краіне. 5 кастрычніка яны наведаюць Бабруйск. Цікава, што ці не ўпершыню ў беларускага літаратурнага фестывалю знайшоўся сур’ёзны спонсар — «Баброў». Кіраўнік бровару Сяргей Левін такую падтрымку патлумачыў не толькі імкненнем падтрымаць усё якаснае і беларускае, але і тым, што арганізатар — ягоны сусед па пляцоўцы.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Менская праграма фэстывалю

2 кастрычніка, мастацкая галерэя Пушкінскай бібліятэкі (вул. Гікалы, 4).
Пачатак а 17.00.
Бяруць удзел: Адам Глобус, Андрэй Хадановіч, Алесь Камоцкі, Віктар Жыбуль, Джэці (Вера Бурлак), Зьміцер Вішнёў, Людміла Рублеўская, Сяргей Прылуцкі ды інш.


3 кастрычніка, музэй Максіма Багдановіча (Траецкае прадмесьце),18.00
Бяруць удзел: Анатоль Івашчанка, Андрэй Шэпелеў, Валярына Кустава, Віталь Рыжкоў, Зьміцер Плян, Наста Кудасава, Наста Манцэвіч, Сяржук Мядзьведзеў, Ягор Бабій ды інш.


6 кастрычніка, Пушкінская бібліятэка (Гікалы, 4), 12.00
Бяруць удзел: Анка Упала, Георгій Барташ, Глеб Лабадзенка, Дзьмітрый Дзьмітрыеў, Кацярына Зыкава, Макс Хлусевіч, Марыя Мартысевіч, Наста Кузьмічова ды інш.

Уваход вольны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0