Зьнешне яны — звычайныя сеціўныя жыхары, худыя і доўгавалосыя, ў цёмных майках і са сьмешнымі нікнэймамі. Аднак няшмат людзей у сьвеце апошнім часам рызыкавалі так, як блогеры М’янмы.

Ужо месяц армія блогераў зьяўляецца адной з асноў Аранжавай Рэвалюцыі М’янмы. Пакуль дэмакратычныя актывісты і будысцкія манахі ладзяць дзесяцітысячныя маршы супраць ваеннай хунты, блогеры і інтэрнэт-карыстальнікі краіны даносяць карціну падзей да сусьвету.

Узброеныя маленькімі лічбавымі здымачамі, яны задакумэнтавалі рост дэманстрацый ад натоўпу ў пару сотняў да стотысячнай грамады. На сеціўных блогах яны разьмяшчаюць тэксты, фатаграфіі і відэазапісы крывавых рэпрэсій. Толькі маленькая купка замежных карэспандэнтаў інкогніта працуе ў краіне, што на карысьць дыктатуры. Надыйшла пара і блогераў. Калі генэралы не змаглі адфільтраваць інфармацыю, яны проста адключылі інтэрнэт.

Цяпер брыгада блогераў забылася на свае кампутары і сыйшла ў падпольле, чакаючы вынікаў супрацьстаяньня. “Калі на вуліцах было горача, мы не баяліся,” — кажа Ко Лат, адзін з інтэрнэт-барацьбітаў. “Але калі ўсё заціхне, нас будуць перасьледаваць. Яны ведаюць, хто мы, яны ведаюць, што мы блогеры, і мне страшна”.

Нават у звычайныя часы ў М’янме цяжка было быць блогерам. Паранаідальная ўлада праглядала і кантралявала кожны этап працэсу, ад ліцэнзіаваньня кампутараў да фільтраваньня акаўнтаў праз падуладных інтэрнэт-правайдэраў. Вось чаму так небясьпечна быць блогерам — вайсковай разьведцы лёгка ідэнтыфікаваць імя і адрас карыстальніка. Адзін з блогераў, які разьмясьціў фота дэманстрацыі, быў арыштаваны і дапытаны, а ягоны кампутар канфіскавалі.

Самыя гарачыя матэрыялы — лічбавыя фота і відэазапісы зьбіцьця манахаў жаўнерамі — былі дасланыя з краіны, але разьмешчаныя звонку. Небясьпечна як перасылаць, так і здабываць здымкі разгону дэманстрацый – у чацьвер сярод іншых жаўнеры застрэлілі японскага фатографа.

Рэжым рэагуе на свабоду інфармацыі, спачатку заблякаваўшы прыватныя блогі М’янмы, потым усе без разбору. Але замежныя сайты працягвалі працаваць, таму ў пятніцу яны проста выключылі ўвесь інтэрнэт агулам. Цяпер емэйлы можна дасылаць толькі ўнутры М’янмы, а афіцыйныя веб-сайты — адзіныя інтэрнэт-старонкі, якія можна пабачыць.

Яраслаў Сьцешык,

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?