Украіна, падпісаўшы абавязацельствы па МС, можа атрымаць іншую цану на газ, аднак пакуль яшчэ не час казаць пра яе гатоўнасць утварыць з Расеяй адзіную мытную тэрыторыю, лічыць першы віцэ-прэм'ер РФ Ігар Шувалаў.

«Ва Украіне цяпер цяжкая сітуацыя, і там цяпер трэба займацца развіццём вытворчасці, ім патрабуецца недарагі рэсурс, каб запусціць прадпрыемствы і прадаць вырабленую прадукцыю. Думаю, што ніхто, акрамя Расеі, не зможа так хутка выдзеліць Украіне патрэбныя рэсурсы і ў такім аб'ёме», — адзначыў Шувалаў у інтэрв'ю Bloomberg. Паводле яго меркавання, напрыклад, дамоўленасць па газе адразу б вырашыла велізарную праблему для Украіны».

«Мы таксама можам даць пазыку. Але проста так дапамагаць без якіх-небудзь абавязацельстваў з іх боку — не будзем. Мы не можам проста так ратаваць Украіну: яны павінны прыйсці да нас з нейкай канкрэтнай і аргументаванай павесткай», — лічыць першы віцэ-прэм'ер, паведамляе РІА Новості. «Вядома, Украіна разумее, што, падпісаўшы абавязацельствы па Мытным саюзе, можа атрымаць іншую цану на газ, іншыя ўмовы па абавязацельствах і пошлінах», — дадаў Шувалаў.

«Мы цяпер з Арменіяй дамаўляемся адкрыта і празрыста па нашых адносінах, і ўсе разумеюць, што мы Арменіі даем адпаведную цану на газ, таму што яны падпісваюць з намі ўвесь пакет пагадненняў па мытным саюзе», — адзначыў першы віцэ-прэм'ер. Аднак далучэнне Украіны да Мытнага саюза магчыма ў будучыні не адразу, адзначыў Шувалаў. «З пункту гледжання тэхналогій і гатоўнасці Украіны ўтварыць з намі на дадзены момант адзіную мытную тэрыторыю, казаць пра гэта яшчэ рана», — лічыць ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?