Пастаноўкай, якая прысвечана 200-годдзю славутага кампазітара, калектыў паволі адыходзіць ад савецкіх традыцый.

Першая адметнасць сёлетняй прэм’еры – у асобе Вагнера.

На прасторах СССР здаўна рабіўся акцэнт на творах італьянскіх кампазітараў (Расіні, Вердзі, Пучыні). Тон задаваў маскоўскі Bolshoy, рэпертуар якога лічыўся прыкладам для пераймання. Гэтай жа традыцыі наш Оперны застаўся верны і ў часы незалежнасці.

А вось Вагнер, чыя музыка выконваецца па ўсім свеце, гучаў рэдка.

З яго опер у Мінску ставілі толькі «Лаэнгрын» (у далёкім 1977-м).

Другая адметнасць «Лятучага галандца» у тым, што пастаноўку ажыццяўляюць творцы з Заходняй Еўропы: дырыжор Манфрэд Маерхофер (Аўстрыя) і рэжысёр Ханс-Яахім Фрай (Германія).

Для Беларусі гэта вельмі рэдкая з’ява.

У мінскіх тэатрах ідуць каля паўтары сотні спектакляў. Большасць з іх – айчынная прадукцыя. Асобныя належаць рэжысёрам з краін СНД (часцей Расіі) і Балтыі. І толькі чатыры беларускія спектаклі пастаўлены рэжысёрамі з астатніх краін свету.

«Востраў Сахалін» у Купалаўскім (швед рускага паходжання Аляксандр Нордштрэм), «Дзева і смерць» у Рускім (паляк Кшыштаф Занусі), «Чарнобыльская малітва» у РТБД (француз Бруно Бусаголь) і балет «Марная перасцярога» у Оперным (немец Дытмар Зайферт).

Яшчэ дзве пастаноўкі ў апошнім калектыве з’яўляюцца пераносам амерыканскай («Серэнада») і галандскай («Шэсць танцаў») прадукцыі на беларускую сцэну.

У чым прычына такой замкнёнасці? У культурнай палітыцы. А яшчэ ў недахопе грошай. Ганарары замежных рэжысёраў тэатрам не па кішэні.

З айчынных тэатраў толькі Оперны атрымлівае ад дзяржавы больш-менш годнае фінансаванне, якое дазваляе яму рэгулярна выпускаць прэм’еры і ладзіць міжнародныя праекты (напрыклад, Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, які сёлета адкрываецца операй Вагнера).

Але паказ «Лятучага галандца» усё роўна адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?