Ну і як вам заявачка Пуціна? Я маю на ўвазе згоду ўзначаліць сьпіс "Адзінай Расеі" ды, імаверна, стаць прэм'ерам у сакавіку 2008 году.

Маскоўскія аналітыкі будуюць вэрсыі. Або, маўляў, пабыўшы прэм'ерам, вернецца у прэзыдэнцкае крэсла. Або проста пераробяць канстытуцыю так, што гаспадаром у краіне стане кіраўнік ураду. А мо' і ўвогуле пабудуюць сыстэму а-ля СССР з генсекам "Адзінай Расеі" на вяршыні піраміды.

Факт тое, што расейская дэмакратыя канчаткова ператвараецца ў бутафорыю. Але гэтым разам беларуская прапаганда наўрад ці будзе так ужо радавацца, што вось, ага, пераймаюць наш досьвед стабільнасьці! Наадварот, афіцыйныя мэдыі апрыёры даюць зьедлівыя камэнтары, што "пуцінская Расея мае намер заставацца пуцінскай". Выглядае на тое, што ў айчынных вярхох ад пэрспэктывы далейшага кіраваньня Ўладзімера Ўладзімеравіча зусім не ў захапленьні. "Цеплыня" асабістых стасункаў між ім ды беларускім афіцыйным лідэрам даўно ёсьць сакрэтам Палішынэля.

Дарэчы, хто-кольвек з нашых палітолягаў прарочыў, што сёньня мы пабачым адзін з этапаў апэрацыі "Пераемнік" у Беларусі. Маўляў, дзеля раскруткі могуць даць крэсла сьпікера Віктару Лукашэнку. Як вы ўжо ведаеце, прагноз праваліўся, выбрана чыста тэхнічная фігура.

Беларускаму кіраўніку тэхналёгія пераемніцтва, мусіць, у прынцыпе падаецца небясьпечнай. Гэта Пуцін выглядае камандным гульцом, гатовым да шматхадовых камбінацый зь перапасоўкай уладных паўнамоцтваў. А тут, у нас, даваць палітычныя пасы, бадай што, занадта рызыкоўна...

Карацей, пасьля сакавіка 2008 году зьвязка заклятых сяброў Лукашэнка — Пуцін можа захавацца, і даволі надоўга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?