Найвышэйшую ўзнагароду Эўропы за ўнёсак у ахову расьлін атрымаў мянчук Алег Маслоўскі. Апроч яго, такой узнагародай валодаюць усяго 12 чалавек у сьвеце.

Узнагароджаньне адбылося пры канцы верасьня на 5‑й міжнароднай канфэрэнцыі «Плянэта Эўропа» ў Румыніі. «Срэбны ліст» прысуджаюць за ўнёсак у захаваньне расьлін.

— Гэта найвышэйшая ўзнагарода для батаніка ў Эўропе, як для пісьменьніка — Пуліцараўская прэмія. Мне было так прыемна! — расказаў Алег Маслоўскі. — Узнагароду прысудзілі за тое, што беларусы ўдзельнічалі ў распрацоўцы мэтадаў захаваньня расьлін у Эўропе й першымі ў СНД рэалізавалі ўнікальныя праекты: вылучылі самыя значныя батанічныя тэрыторыі, выявілі віды й экасыстэмы, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня; вырашылі праблему захаваньня лугоў; а самае галоўнае — распрацавалі для органаў кіраваньня сыстэму кадастраў. Такой больш няма нідзе. Кадастар — гэта кампутарная энцыкляпэдыя, паводле якой мясцовыя ўлады могуць сачыць, як зьмяняецца колькасьць прыродных рэсурсаў, і прымаць граматныя рашэньні (напрыклад, ці дазваляць нарыхтоўку драўніны ці збор ягад у сваіх лясах). Было прыемна, што Беларусь назвалі ў ліку 4‑х краін, якія дамагліся найбольшага прагрэсу ў галіне захаваньня расьлін, разам зь Вялікабрытаніяй, Баўгарыяй і Сэрбіяй.

Узнагарода зробленая з чыстага срэбра, да яе прыкладзены іменны дыплём. Цяпер яна ўпрыгожвае працоўнае месца Алега Маслоўскага ў Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі імя Купрэвіча. Апрача нагоды для гонару, «Срэбны ліст» — гэта пропуск у эўрапейскую экалягічную палітыку й да дадатковага фінансаваньня на прыродаахоўныя праекты.

Ксенія Наважылава, «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0