Шэраг нашых апазыцыянэраў пасьпяшаўся выказацца ў тым духу, што, вось, на Ўкраіне адбыўся паўтор памаранчавага трыюмфу. Гэтая рамантызаваная трактоўка сёньня тым болей паблякла.

Юшчанка, які ня цешыць сябе ілюзіямі шчырага альянсу з колішняй "газавай прынцэсай", распачаў сваю гульню. І заміж таго каб даць зялёнае сьвятло чаканай аранжавай кааліцыі, прапанаваў усім сілам, што трапілі ў парлямэнт, сесьці за стол кансультацый: "Я очікую від лідерів Партії регіонів, Блоку Юлії Тимошенко, Блоку "Наша Україна — Народна Самооборона", Блоку Литвина політичної мудрості і кроків до консолідації країни навколо національних пріоритетів".

Натуральна, што пасыянарная трыюмфатарка Юлія Цімашэнка адразу адкінула магчымасьць супрацы з антаганістам Януковічам. Закручваецца новая інтрыга. І вось ужо маскоўскае інтэрнэт-выданьне сьпяшаецца назваць падзеі на Ўкраіне тэатрам абсурду.

Але ці ня болей нагадвае такі тэатар сама Расея, асабліва пасьля сьвежай заявы Пуціна пра сваё імавернае прэм'ерства? Зрэшты, які б варыянт у Крамлі ні выбралі, вожыку зразумела, што астатняе — справа тэхнікі. Выбараў у нармалёвым сэнсе ўвогуле ня будзе. Пра Беларусь памаўчым… На Ўкраіне ж (пры ўсіх падазрэньнях, што на ўсходзе не абышлося без круцельства пры падліку, бо і дасюль няма ўсіх пратаколаў), бадай, ніхто не сумняецца, што па вялікім рахунку адбыліся менавіта выбары. Палітыкаў у Раду, хай сабе і далёка не ідэальных, сапраўды абраў народ.

Дый паказальна ўжо само тое, што калі паўгоду таму там выбухнула палітычная крыза, дык паратункам вярхі выбралі менавіта датэрміновыя выбары — то бок прысуд электарату.

І ў гэтым сэнсе Ўкраіна, якую, бадай, яшчэ не аднойчы будзе ліхаманіць, далёка адарвалася ад нас. Як і ад Расеі. Прычым ад Расеі — ня толькі ў сэнсе дэмакратычнага разьвіцьця, але і ў сэнсе гарантый ад імпэрскай экспансіі. Бо нават Януковіч, якога інэрцыйна лічаць прарасейскім, мусіць праклямаваць эўрапейскі вэктар.

І потым, краіну з рэальнымі мэханізмамі дэмакратыі ніводзін асобна ўзяты палітык ня зможа закласьці ў палітычны лямбард ці прадаць з-пад крыса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?