Зборнік лірыкі маладых беларускіх паэтаў «In Вільня veritas» («Ісьціна ў Вільні») прэзэнтаваны ў музэі Максіма Багдановіча 3 кастрычніка. Прэзэнтацыя зладжаная ў межах паэтычнага фэстывалю «Парадак словаў», які адбываецца ў Беларусі ад 2 па 7 кастрычніка.

Выхад кніжкі стаўся вынікам паэтычнага конкурсу, які ладзіў беларускі ПЭН‑цэнтар да стагодзьдзя газэты «Наша Ніва». Куратары праекту — крытык Ганна Кісьліцына і паэт Андрэй Хадановіч.

Андрэй Хадановіч ў часе адкрыцьця прэзэнтацыі сказаў пра аўтараў зборніку:

«Вельмі сымпатычная, як на мяне, кагорта ня толькі паэтаў, але і празаікаў. Збольшага беларускамоўных, але і тых, хто піша па‑расейску: пераможцы Рэспубліканскага конкурсу «Стагодзьдзе «Нашай Нівы». Я думаю, што гэта не апошняя ў Менску і ў Беларусі прэзэнтацыя гэтай кнігі. Вельмі сымпатычны, як на мяне, выбар аўтараў».

З 80‑ці дасланых аўтараў журы абрала 22 ўдзельнікі зь Менску, Віцебску, Магілеву, мазыра, Крупак, Вітэнбэргу і Берасьця. Імёны фіналістаў: Кірыл Дубоўскі, Сяргей Карбановіч, Алесь Кудрыцкі Настасься Манцэвіч, Сяржук Мядзьведзеў, Андрэй Пакроўскі, Сірошка Пістончык і Ўласік Смаркач (псэўданімы), Віталь Рыжкоў, Аляксей Сарока, Ганна Серахан, Сяржук Семянюк, Наталка Харытанюк, Юлія Шэдзько, Віктар Ываноў, Юлія Яфімовіч, Андрэй Адамовіч і Віялета Пачкоўская.

Прысутныя на імпрэзе у музэі Максіма Багдановіча сталіся першымі, хто пабачыў зборнік «In Вільня veritas» у Менску, які толькі выйшаў з друкарні.

Севярын Квяткоўскі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0