У выніку дарожна-транспартнага здарэння, што адбылося на аўтадарозе Паляны—Падольцы загінула пенсіянерка.

У суботу вечарам у міліцыю пазваніў жыхар вёскі Падольцы і расказаў, што на аўтадарозе Паляны—Падольцы машынай была збіта жанчына. Праз некаторы час урач Астравецкай бальніцы паведаміў міліцыянерам, што каля вёскі Паляны знойдзена загінулая жанчына.

Міліцыянеры, якія прыехалі на месца дарожна-транспартнага здарэння, устанавілі, што пенсіянерка з Падольцаў рухалася на веласіпедзе па праваму боку праезнай часткі з вёскі Паляны ў вёску Падольцы. За 35—40 метраў ад вёскі Паляны яе збіла машына, якая ехала ў сустрэчным напрамку. Пасля правядзення міліцыянерамі аператыўных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што ў момант здарэння пакрыццё асфальта было сухім, на веласіпедзе былі святлоадбівальныя элементы, участак дарогі прамы.

Пасля наезду на пенсіянерку віноўнік аварыі ўцёк з месца ДТЗ.

У Астравецкім і бліжэйшых раёнах быў уведзены план "Перахоп". Хутка віноўнік аварыі, жыхар вёскі Рытань, і машына "Фолькс-ваген-Пасат", пад коламі якой загінула пенсіянерка, былі знойдзены. Каб пазбегнуць заслужанага пакарання, гора-вадзіцель схаваўся ў сябра на тэрыторыі Спондаўскага сельсавета, тым самым пагоршыўшы сваю долю. Супраць вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа і яму пагражае пазбаўленне волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?