Канешне, проста так супала: Сідорскі наведаў Летуву акурат перад самітам СНД у Душанбэ. Але ягоныя перамовы зь летувісамі могуць зрабіць уражаньне на расейскае кіраўніцтва, мяркуюць асобныя аналітыкі. Зрэшты, Пуцін хіба што расшчодрыцца на крэдыт.

Са свайго боку, летувіскія палітыкі ды бізнэсоўцы толькі і чакаюць, каб крануўся лёд у стасунках афіцыйнага Менску з Эўразьвязам. Вільня, памятаеце, нават спрабавала адгаварыць Брусэль ад намеру адабраць у нашай краіны гандлёвыя прэфэрэнцыі.

Тут, у Беларусі, нашым паўночна-заходнім суседзям бачыцца вялікі ды пэрспэктыўны абсяг дзейнасьці. Нават ужо зараз яны гатовы інвэставаць да мільярду даляраў. І пакрысе, без залішняга афішаваньня, іхні капітал ужо праточваецца ў нашу эканоміку. А калі зьмякчыць палітычны і дзелавы клімат?

Дадамо на вушка:) у летувісаў яшчэ і геапалітычныя амбіцыі, прэтэнзіі на ролю рэгіянальнай дзяржавы. У Вільні мяркуюць, што здольныя як мінімум ня горай за палякаў ці ўкраінцаў згуляць ролю пасярэднікаў ва ўцягваньні "апошняй дыктатуры" ў працэс збліжэньня з ЭЗ.

Са свайго боку, і беларускія ўлады атрымліваюць як эканамічны, так і геапалітычны выйгрыш. Напрыклад, ужо не такі страшны энэргетычны шантаж з боку Масквы, калі ёсьць варыянт (хай сабе на сёньня болей піяраўскі) прыгнаць танкеры ў Клайпэду і адтуль вазіць "чорнае золата" па чыгунцы. Сідорскі таксама празрыста намякнуў на гатовасьць паўдзельнічаць у суседзкім атамным праекце.

Дарэчы, ці памятаеце: летувіскі прэзыдэнт Адамкус яшчэ год таму, натхніўшыся прэсавай канфэрэнцыяй Лукашэнкі для ўкраінскіх журналістаў, прапанаваў траісты зьвяз (Вільня — Менск — Кіеў) дзеля супрацьстаяньня энэргетычнаму дыктату з усходу. Мо' акурат зараз працэс і пайшоў?

"Нельга выключаць, што Менск гатовы быў накіраваць Сідорскага і на віленскі саміт у пытаньнях энэргабясьпекі, што пройдзе 10—11 кастрычніка, — сказаў мне сёньня наш міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Але тут мог напалохаць апошні газпромаўскі вокрык на Кіеў. Варта зьвярнуць увагу і на тое, што, кажучы, пра Клайпэдзкі порт, Сідорскі згадаў і пра паўднёвыя порты, то бок пра Ўкраіну".

На думку калегі, "сёньня Летува фактычна ёсьць лякаматывам рэгіянальнай інтэграцыі, у якой знаходзіцца месца і гістарычнай суседцы — Беларусі. Гэта рэальны вынік працы летувіскага МЗС на чале з былым амбасадарам у Менску Пятрасам Вайтэкунасам".

ЗЫ. Ну а Пуціна, калі ўсур'ёз, наўрад ці надта напалохаеш "энэргетычным ВКЛ". Саступак ня будзе. Адно што сапраўды могуць дамовіцца нарэшце пра крэдыт. Ды мо' пра новага сакратара СНД. Памятаеце, улетку беларускі кіраўнік паказаў характар і забракаваў Вешнякова? Цяпер пратачылася інфа, што пасаду могуць даць Генадзю Селязьнёву. Ня так даўно, дарэчы, ён зазіраў у Мінск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?