Ведаю, ведаю: нехта пачне раздражняцца — у хроніках беларускіх яго інакш называлі і цяпер нават у афіцыйных кніжках часам пішуць — Стафан. Ну й што? Ці гэта азначае, што я яго люблю меней, чым тыя, хто, можа, захоча сябе прадставіць самым каталіцкім каталіком за іншых?..

У мінулым тэксьце сваім я параўнаў будучую рэстаўрацыю Старога замку, што стаіць на гары, з мэтай надаць яму рысы каралеўскага палацу Баторыя — са славэтнай каровай з сядлом. Зрэшты, у тэксьце ўсё патлумачана. Пагатоў асабіста мне проста не падабаецца выгляд перабудаванага некалі ў палац замку.

Мне даспадобы строгасьць, аскетычнасьць Брыгіцкага касьцёлу або зьнішчанай Фары Вітаўта і не падабаюцца аздобы былога езуіцкага, сёньняшняй нашай Катэдры, якую гарадзенцы па-ранейшаму звычайна называюць Фарным касьцёлам. Але адначасова я люблю Хрыста, што нясе крыж — на ганку і статуі ў нішах, люблю гадзіньнік, люблю на званіцах архаанёлаў, якія падпарадкоўваюцца ветру.

Памятаю: больш за дваццаць гадоў назад у горадзе раптам адзначылі ўгодкі сьмерці караля Стэфана Баторыя. Гэта было незвычайна, упершыню я адчуў смак таямніцы, прычым дакрануўшыся да мінуўшчыны менавіта свайго гораду, які стаў маім домам. Незвычайна для савецкай рэспублікі, бо ён быў каралём. А каралёў тут дагэтуль ня любяць, нават калі прыкметы пашаны ўсё ж нечакана зьяўляюцца.

Існуе гадоў пятнаццаць кароткая вуліца Стэфана Баторыя, удалося замяніць савецкую назву. На ёй “Батароўка” — камяніца, што лічыцца былым яго палацам гарадзкім, а побач у хрушчоўцы — “Баторыя” — гандлёвы дом або проста сярэдніх памераў крама. Патрыёты раздражняюцца з назвы крамы, празь яе жаночую форму. Маўляў, калісьці існаваў спартовы клюб “Баторы”, гучала як мае быць. Што, лепей, значыцца, было б проста — гастраном “Баторы”? Дый увогуле: чаму жаночая назва суседняй “Батароўкі” тады ўсіх задавальняе? Толькі таму, што яе прыдумалі за польскім часам? Дык вось: мой знаёмы гісторык архітэктуры сьцьвярджае, што гэта памылка, і гарадзкі палац караля быў у іншым месцы.

Дарэчы, як пачалі ахоўныя шыльды вешаць у горадзе, на “Батароўцы” таксама прымацавалі: дом Стэфана Баторыя, маўляў, ХVІ стагодзьдзя… А хто такі гэты Баторы — ні слова. Вось каб царом быў маскоўскім ці ваяводай, ці фэльдмаршалам Сумбуравым якім-небудзь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?