Роўна год таму, 7 кастрычніка 2006 года, у Маскве была застрэленая журналістка “Новой газеты”, праваабаронца Ганна Паліткоўская. Тры гады таму, 20 кастрычніка 2004 г., у Мінску забілі журналістку газеты “Салідарнасць” Вераніку Чаркасаву.
Абедзве жанчыны былі пазбаўленыя жыцця ва ўласных дамах, з дзікунскай жорсткасцю і цынізмам. Абедзве журналісткі пісалі на “нязручныя” для ўладаў тэмы, што дазваляе грамадскасці казаць пра палітычныя матывы забойстваў. Абодва злачынствы дагэтуль застаюцца нераскрытымі.
Таму кастрычнік – гэта яшчэ і месяц пытанняў, якія задаем мы, калегі Веранікі і Ганны:
Чаму нашы журналісты гінуць у мірны час, ва ўласных дамах?
Чаму расследаванні гэтых спраў выклікаюць усё больш пытанняў і не даюць адказаў?
Хто стаіць за гэтымі забойствамі, спрабуючы запалохаць нас?
Патрабуем праўды!
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”,
Цэнтр экстрэмальнай журналістыкі Саюза журналістаў Расіі





