У нацыянальным аэрапорце «Менск» сустракалі нацыянальную зборную Беларусі па баскетболе. Дзяўчаты вярнуліся з чэмпіянату Эўропы па баскетболе з бронзавымі мэдалямі.

У аэрапорт прыехала больш за сто чалавек. Большасьць складалі журналісты і бацькі мэдалістак, а таксама маладое пакаленьне баскетбалістак. Яны праз пару гадоў ужо гатовыя заняць месцы ў зборнай сёньняшніх трыюмфатарак. Самалёт з Рыму прыляцеў а 15:20, але ўбачыць баскетбалістак жадаючыя змаглі амаль праз паўтары гадзіны. Несвоечасова прыйшоў багаж зборніц.

Як толькі баскетбалісткі зьявіліся ў фае аэрапорту іх абступілі з усіх бакоў — дарылі кветкі і балёнікі, цалаваліся, прасілі аўтограф ці інтэрвію. Што праўда, чыноўнікі з Мінспорту ня надта далі дзяўчатам парадавацца перамозе разам з заўзятарамі. Яны таропка адпраўлялі ўсіх баскетбалістак у аўтобус, бо ўжо а 17-й быў заплянаваны прыём каманды ў міністра спорту Аляксандра Грыгарава. Дарэчы, сам міністар у аэрапорт так і не прыехаў, адправіўшы замест сябе першага намесьніка Дзьмітрыя Шычка.

Нашы дзяўчаты казалі, што ў самым пачатку чэмпіянату ня вельмі верылі ў тое, што змогуць прыехаць з Апэнінаў з мэдалямі, але ўпэўненасьць прыйшла цягам турніру. Некаторыя нават троху засмуціліся , што не атрымалася прабіцца ў фінал. Як прызнавалася Алена Леўчанка, найбольш складаным для зборнай стаў чвэрцьфінал з чэшкамі. Паўфінал і матч за «бронзу» паводле ейнага прызнаньня прайшлі лягчэй. Цяпер усе пляны каманды нацэленыя на тое, каб прабіцца на Алімпіяду ў Пэкін.

Амаль адразу па выхадзе журналісты абступілі Кацярыну Сныціну, якая паабяцала, што ў выпадку, калі зборная возьме на чэмпіянаце мэдалі, то Настасься Верамеенка абстрыжэ ёй валасы. Журналісты сустрэлі Сныціну ўжо з новай фрызурай. Яна прызналася, што стрыжка адбылася амаль адразу пасьля заваяваньня «бронзы», яшчэ ў гасьцініцы ў Артэне. Сныціна сказала, што ўжо бліжэйшымі днямі пойдзе ў цырульню зноў. Але са сьмехам дадала: «Вы толькі Насьці Верамеенкі нічога не кажыце, бо пакрыўдзіцца, што яна дрэнны цырульнік».

Галоўны трэнэр зборнай Анатоль Буяльскі быў вельмі нешматслоўны:

«Мы шчасьлівыя! Дзяўчаты зрабілі сапраўдны подзьвіг. Маленькі, але ўсё ж подзьвіг. Не памылюся, калі скажу, хто ніхто ў Эўропе ўсур’ёз не ўспрымаў нашы намеры і амбіцыі. Аднак мы крок за крокам выконвалі пастаўленыя перад намі задачы. Мы заваявалі мэдалі, магчыма, і нечакана, але цалкам заслужана. Чэмпіянат нагадваў нейкае поле бітвы. Здаровых вельмі мала, але дзяўчаты вытрымалі да канца».

«Дзеля гэтых мэдалёў дзяўчаты зрабілі ўсё магчымае і немагчымае. Яшчэ некалькі гадзінаў таму я купаўся ў італьянскім моры, таму мне цяжка адназначна ацаніць усё зробленае. Я рады за нашых баскетбалістак, за Радзіму. Рады за тое, што нашы словы не разышліся зь дзеяньнем», — сказаў А.Буяльскі.

Зьміцер Панкавец


Натальля Марчанка ўвайшла ў сымбалічную зборную Эўропы

Марына Крэс

Падстрыжаная Насьцяй Верамеенкай Кацярына Сныціна

Суаўтар подзьвігу беларускіх дзяўчат - галоўны трэнер Анатоль Буяльскі

Фатаздымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0