Ініцыятары "Эўрапейскага маршу" са стрыманай радасьцю загаварылі пра "мікрадыялёг". Мо' й рана радавацца, але ж факт тое, што наверсе сапраўды чухаюць патыліцу: што рабіць з гэтым чортавым шэсьцем? І зразумела, што чуханьне адбываецца трохі вышэй, чым на ўзроўні мэрыі, куды адрасавала аўтараў знакамітага ліста спн. Пяткевіч.

Мясіць маніфэстантаў дручкамі перад аб'ектывамі, на вачох амбасадараў ды замежных гасьцей было б зусім не глямурна. Ад збору на Кастрычніцкай заяўнікі элегантна адмовіліся. Таму дазволіць канцэнтрацыю айчынных праэўрапейцаў у раёне сквэру Янкі Купалы было б, здаецца, аптымальным кампрамісам. Абодва бакі нібыта захоўваюць фэйс:)

Але для ўладаў такі кампраміс блізкі да паразы.

Бо, па-першае, многіх стрымлівае ад удзелу ў масавых акцыях менавіта рызыка дастаць дручком, патрапіць на суткі — з усім шлейфам наступных непрыемнасьцяў на працы, у інстытуце і г.д. А калі нібыта "ўжо можна" — маніфэстанты могуць выйсьці куды болей шчыльнымі радамі, чым звычайна. Калі ня гэтым разам (спрацуе інэрцыя), то наступнымі. Джына вулічнай дэмакратыі толькі выпусьці з пляшкі!

Па-другое, кампраміс — гэта ў прынцыпе перавод палітычных апанэнтаў з разраду "шалудзівых людзей" у болей высокую катэгорыю. Цьвёрды "ліхтарат" зашэпчацца: бацька даў слабіну і ўсё такое…

Але ж так недарэчы зноў напінаць стасункі з Эўропай акурат напярэдадні новай бітвы за газ з Масквою!

Так што ёсьць ад чаго пачухаць патыліцу.

Пачакаем да заўтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?