![]() |
Памер прыцягнутых латвійскіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку павялічыўся да $70 млн., зь іх наўпроставыя інвэстыцыі склалі $18 млн.
«Мы і найдалей будзем вітаць удзел латыскага бізнэсу ў беларускіх інвэстыцыйных праграмах і праектах» — заявіў на адкрыцьці трэцяга беларуска‑латвійскага фінансава‑інвэстыцыйнага форуму ў Рызе пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандар Герасіменка.
Паводле ягоных словаў, да канца году таваразварот між нашымі краінамі можа дасягнуць $1 млрд. Для параўнаньня, таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй за першыя шэсьць месяцаў 2007 г. вырас на 22,1% і склаў $13,4 млрд. Да канца году ён можа ўзрасьці да $20 млрд.
У апошнія гады гандлёва‑эканамічныя адносіны паміж Беларусьсю і яе паўночнымі суседкамі заўважна ажывіліся. Варта нагадаць, што на мінулым тыдні прэм’ер‑міністар Беларусі Сяргей Сідорскі наведаўся з візытам у Літву, дзе меў сустрэчу са сваім літоўскім калегам Гедымінасам Кіркіласам. У часе сустрэчы літоўскі бок паведаміў пра гатоўнасьць інвэставаць у беларускую эканоміку каля $1 млрд. Найперш беларускі ўрад цікавіць пытаньне выкарыстаньня марскіх партоў Літвы і Латвіі дзеля транзыту нафты з Вэнесуэлы, а таксама магчымасьць удзелу Беларусі ў пабудове АЭС у Ігналіне.





