Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ініцыюе шэраг захадаў, скіраваных на дэалкагалізацыю насельніцтва.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС, размова, у прыватнасці, ідзе аб устанаўленні адміністрацыйнай адказнасці за распіванне піва і іншых слабаалкагольных напояў на вуліцы і ў непрыстасаваных для гэтага месцах. Штраф за такое правапарушэнне можа скласці да 10 базавых велічыняў. Свае прапановы наконт гэтага міліцэйскае ведамства накіравала ва ўрад.

Апрача таго, будзе актывізаваная аператыўна‑вышуковая праца па спыненні каналаў пастаўкі і рэалізацыі ў краіне кантрабанднай алкагольнай прадукцыі. Будзе праведзена абследаванне жылога сектара і гаражных масіваў на прадмет выяўлення дзейнасці па незаконнай вытворчасці, захоўванні алкагольнай прадукцыі.

Органы ўнутраных спраў маюць намер праверыць дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, якія раней прыцягваліся да адказнасці за парушэнне заканадаўства ў сферы вытворчасці і абароту алкаголю.

МУС актывізуе працу мабільных груп з ліку супрацоўнікаў міліцыі, грамадскасці, журналістаў у мэтах праверкі па месцы жыхарства і на працы грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Апрача таго, на прадпрыемствах і ў арганізацыях будзе прааналізаваная эфектыўнасць дзейнасці камісій па барацьбе з п’янствам.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0