Позна ўвечары 9 кастрычніка ў Горадні быў затрыманы Віктар Сазонаў —кіраўнік абласной арганізацыі БСДГ Ст.Шушкевіча. Гэта адбылося на чыгуначным вакзале.
Віктар здолеў паведаміць свайму аднапартыйцу Уладзіміру Хільмановічу, што яго спачатку даставілі ў абласны наркалягічны дыспансэр на вул.Шчорса, каб спраўдзіць на наяўнасьць алькаголю. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў Ленінскі РАУС.
Спадар Сазонаў таксама паведаміў, што ў дыспансэры ён бачыў кіраўніка абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна і ягонага аднапартыйца Дзьмітрыя Слуцкага.
Учора ў Нясьвіжы затрымлівалі Насту Азарку. На тутэйшую актывістку ў міліцыі склалі пратакол па артыкуле 29.1. за расклейваньне налепак. Суд мае адбыцца ў канцы кастрычніка.
Актывіст Руху «За Свабоду» Іван Роман затрыманы 9 кастрычніка ў Гродна. Яго даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе ён правёў ноч. Сёння актывіста чакае суд.
Іван Роман увечары вяртаўся дахаты. Яго затрымалі ў раёне вуліцы Горкага, завезлі ў Ленінскі РАУС.
Дзяжурны міліцыянт сказаў радыё Свабода, што Іван Роман затрыманы за нецэнзурную лаянку і заўтра яго даставяць у суд.
Увечары 9 кастрычніка на кватэру 26‑гадовага Аляксандра Атрошчанкава прыйшлі міліцыянеры, каб знайсці схаваны там труп.
Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Аляксандру Атрошчанкаву, што да іх паступіў сігнал пра схаваны труп у кватэры па вуліцы Гарадскі Вал, 8. Гэту кватэру здымае сям’я Атрошчанкава.
Труп не знайшлі, але падчас вобыску ў актывіста канфіскавалі друкаваную прадукцыю і сістэмны блок камп’ютэра. Сам Атрошчанкаў арыштаваны і зараз чакае суда. У чым яго абвінавачваюць, невядома.





