![]() |
У Латвіі да канца 2007 года будзе арганізавана зборка аўтобусаў «МАЗ». Аб гэтым сёння на прэс‑канферэнцыі заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка.
Адпаведнае пагадненне падпісана паміж рыжскай кампаніяй «Алкамтранс» і Мінскім аўтамабільным заводам. Першапачаткова ў Латвіі будуць збірацца чатыры мадыфікацыі беларускіх аўтобусаў з рухавікамі Еўра‑4. «Беларускі бок мае намер пастаўляць машынакамплекты, а латвійскі — зможа выйсці з гэтай прадукцыяй на рынак Еўрасаюза», — праінфармаваў пасол. У бягучым годзе плануецца сабраць каля 10 аўтобусаў.
У перспектыве разглядаецца магчымасць зборкі з гэтай жа кампаніяй тралейбусаў «МАЗ». Пасол расказаў, што латвійскі бок праводзіў тэндэр на зборку тралейбусаў, у якім выйграла кампанія «Шкода». Акрамя таго, у Елгаве намечана будаўніцтва завода па вытворчасці сярэднетанажных грузавых аўтамабіляў. «Плануецца, што пры дапамозе кааперацыі туды будуць пастаўляцца рухавікі Мінскага маторнага завода», — дадаў Аляксандр Герасіменка.
Ілюстрацыя maz.by





