![]() |
Свята бульбы штовосень праводзяць бабруйскія грамадскія актывісты пры падтрымцы ўладаў. Гэта адзіны ў Беларусі харчовы фест.
Ініцыятар правядзення фестывалю бульбы — бабруйчанка Наталля Цымбурская. Яна марыць усталяваць у сваім горадзе помнік Бульбе і ўдзячнаму Бульбашу. Жанчына — вялікая аматарка дранікаў, і да бульбы падыходзіць па‑філасофску.
— Галоўны харч беларусаў — гэта бульба, — гаворыць Наталля. — Тое наша традыцыйнае, на чым базуецца самасвядомасць. Трэба ставіць на п’едэстал усё роднае і блізкае. І калі Берну не сорамна праводзіць фестывалі цыбулі, то чаму б Бабруйску не стаць сталіцай бульбы?
Праграма сёлетняга фестывалю вялікая і разнастайная. У конкурсе на лепшую страву, прыгатваную з бульбы, могуць браць удзел аматары і прафесіянальныя кухары. Плануецца незвычайная кулінарная акцыя: будзе прыгатавана самая доўгая бульбяная каўбаса — мяркуецца, што яе даўжыня складзе больш за 20 метраў.
Народнае журы выбярэ з дзесятка гатункаў бульбы самую смачную ў гатаваным выглядзе. На фестывалі будуць гандляваць бульбай — для ежы і насеннай, а таксама рознымі стравамі. Напрыклад, бульбяным квасам.
На бульбяным шматбор’і каманды будуць спаборнічаць у хуткасных ачыстцы і надзіранні бульбы, смажанні дранікаў, хуткасным спажыванні бульбяных страў, бегу з бульбянымі мяхамі. Паводле прапановы адной з сетак крам мабільнай сувязі, на фестывалі будуць мятаць мабільнікі і бульбіны — што далей паляціць?
Напрыканцы публіка выбярэ Каралеву бульбы, а таксама Бульбашоў. Апошніх будзе некалькі: адзін павінен лепей за іншых спяваць, другі — танчыць, трэці — быць самым начытаным, а чацвёрты будзе самым інтэлектуальным у сферы камп’ютарных гульняў.
На фестываль бульбы запрашаюць у Бабруйск у нядзелю, 14 кастрычніка. Ён будзе праходзіць у межах кірмаша «Залатая восень» каля Палаца мастацтваў з 10 да 15 гадзін.





