У інтэрв’ю БелаПАН сябар юбіляра пісьменнік Уладзімір Някляеў зазначыў, што «найпершай якасцю, што вызначае эстэтычны, мастацкі ўзровень паэзіі, з’яўляецца этычны, чалавечы узровень паэта».
«Маецца на ўвазе, што паэт верны не прызначэнню і таму, хто прызначыў, а Прызначэнню і Таму, хто прызначыў. Леаніда Дранько‑Майсюка Уладзімір Караткевіч называў паэтам з рысамі рыцара. Уяўленні аб рыцарстве майго сябра звязаныя з яго адносінамі да жанчыны, да сяброў, да паэзіі, да Беларусі і ўсяго кроўнага, беларускага», — сказаў У.Някляеў.
Паводле яго слоў, калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўлада паставіла тых, каго палічыла патрэбнымі, паэт, адмовіўшыся стаць галоўным рэдактарам выдавецтва, напісаў заяву аб звальненні.
«Калі Леанід стаў беспрацоўным і не ведаў, на што жыць, раптам на тэлебачанні яму прапанавалі працу з такім штомесячным заробкам, на які ў выдавецтве трэба было адпрацаваць цэлы год. Аднак паэт не пагадзіўся на супрацоўніцтва, паколькі пасля прапановы паставілі ўмову: весці цыкл праграм аб беларускай культуры на беларускім тэлебачанні ён — беларускі паэт — павінен на рускай мове», — зазначыў У.Някляеў.
***
Леанід Дранько‑Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 г. у Давід‑Гарадку Столінскага р‑ну Берасьцейскай вобласьці. Скончыў маскоўскі Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага (1982). Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Публікуецца з 1972 г. Першы зборнік паэзі «Вандроўнік» выйшаў у 1983 г.
![]() Леанід Дранько-Майсюк. Здымак 2002 г. |





