![]() |
За некалькі гадзінаў да галасаваньня па рэзалюцыі ў камітэце па міжнародных справах Джордж Буш заявіў, што прыняцьце рэзалюцыі «нанясе вялікую шкоду» адносінам з Турцыяй.
Буш указаў на тое, што Турцыя зьяўляецца памяркоўна мусульманскай краінай — сябрам NATO, тэрыторыя якой зьяўляецца найважнейшым транзытным пунктам для грузаў, які скіроўваюцца ЗША ў Ірак і Аўганістан.
«Гэтая рэзалюцыя не зьяўляецца правільным адказам на масавыя забойствы, якія сталі гісторыяй. Яе прыняцьце нанясе вялікую шкоду нашым дачыненьням з ключавым саюзьнікам у NATO і глябальнай вайне з тэрарызмам», ‑‑ сказаў Буш.
Прэзыдэнт ЗША неаднаразова заяўляў, што пытаньнем пра генацыд павінны займацца гісторыкі, а не заканадаўцы.
Незадоўга да Буша з заклікам не прымаць рэзалюцыі да Кангрэсу ЗША зьвярнулася дзяржсакратар Кандаліза Райс, якая назвала прыняцьце рэзалюцыі «вельмі праблематычным» для стасункаў ЗША з Турцыяй на Блізкім Усходзе.
Паводле яе, законапраект меў бы «дэстабілізуючы ўплыў на тое, што мы спрабуем рабіць у Іраку і Аўганістане».
Рэзалюцыя аб прызнаньні генацыду армянаў 1915 г. карыстаецца падтрымкай з боку дэмакратаў, у тым ліку сьпікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі. Многія з тых, хто падтрымлівае прыняцьце рэзалюцыі, параўноўваюць прызнаньне забойстваў армянаў з Халакостам.
У накіраваным Бушу ў аўторак лісьце прэзыдэнт Турцыі Абдула Гюль заклікае прэзыдэнта ЗША «удзяліць увагу сур’ёзным праблемам, якія ўзьнікнуць ў двухбаковых адносінах, калі рэзалюцыя будзе прынятая».
У самой Турцыі катэгарычна ня згодныя з вызначэньнем гібелі армянаў у 1915 г. як генацыду.
Тым ня менш, як стала вядома ў сераду, камітэт Кангрэсу большасьцю галасоў падтрымаў законапраект.





