У выніку страляніны ў амэрыканскай школе, якую ўсчаў 14‑гадовы падлетак, пацярпелі пяць чалавек. Сам стралок, паводле зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня, застрэліўся яшчэ да таго, як на месца здарэньня прыехала паліцыя, паведамляе брытанская карпарацыя BBC. Разьні́цу ў школе зафільмавалі відэакамэры назіраньня.

Інцыдэнт адбыўся 10 кастрычніка ў сярэдняй школе Кліўленду ў штаце Агаё каля 13:15 па мясцовым часе (20:15 па беларускім). Навучэнец Аса Кун усчаў страляніну па вучнях, а пасьля застрэліўся сам. Паводле слоў мэра Кліўленду Фрэнка Джэксана, навучэнец параніў чатырох чалавек, у тым ліку дваіх школьнікаў — 14‑ці й 17‑ці гадоў, а таксама дваіх выкладчыкаў 42 і 57 гадоў. Выкладчыкі атрымалі больш сур’ёзныя раненьні — 42‑гадовы настаўнік паранены ў грудзь, а 57‑гадовы — у сьпіну. Іхні стан ацэньваецца як стабільны.

Яшчэ адна навучэнка атрымала траўму калена, калі ўцякала ад нападніка.

Паліцыянты лічаць, што ён страляў адразу з двух пісталетаў. Сьведкі кажуць, што бачылі, як нападнік ішоў па школьных калідорах зь пісталетам у кожнай руцэ. 15‑гадовы Ронэл Джэксан сказаў агенцтву AP, што ледзь пасьпеў зьбегчы:

«Ён у мяне цэліўся. Але я своечасова ўцёк».

Некаторыя школьнікі й работнікі школы выбеглі з будынку пасьля таго, як пачулі страляніну й гукі сыгналізацыі. Іншыя спрабавалі схавацца ў шафах і пад партамі.

Сьледчыя спадзяюцца дакладна ўсталяваць абставіны здарэньня, бо ў будынку працавалі сыстэмы відэаназіраньня. Мяркуецца, што нападнік увайшоў у школу, разьмешчаную ў цэнтры гораду, у сераду раніцай.

Паводле зьвестак журналістаў, нападнік быў незадаволены тым, што яго адхілілі ад заняткаў за бойку, якая адбылася за два дні да здарэньня.

Адна з школьніц расказала мясцовай тэлекампаніі, што ён належыць да «гатычнай субкультуры» і звычайна насіў ланцугі й цяжкія чаравікі.

«Калі яго адхілілі, ён сказаў: «я для вас нештачка прыгатаваў», — кажа школьніца.

У школе, дзе была ўсчатая страляніна, вучацца каля 250 чалавек. Гэта адносна невялікая навучальная ўстанова, арыентаваная на падрыхтоўку школьнікаў у галіне бізнэсу і тэхналёгій.

У чацьвер усе дзяржаўныя школы Кліўленду зачыненыя, а школа, у якой адбыўся інцыдэнт, ня будзе працаваць прынамсі да панядзелка.

Інцыдэнт у Кліўлендзе адбыўся праз паўгоду пасьля самай крывавай у гісторыі ЗША страляніны ў навучальнай установе. У красавіку 23‑гадовы грамадзянін Паўднёвай Карэі Чо Сэн Хі застрэліў больш за 30 чалавек у Тэхнічным унівэрсытэце Вірджыніі, а пасьля засіліўся.

Паводле NEWSru.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0