Начальнікі «з бзікамі», якія тэрарызуюць сваіх падначаленых, дзейнічаюць толькі ва ўрон сваёй фірме ці прадпрыемству. Прыніжаныя і абражаныя супрацоўнікі пачынаюць працаваць горш. Такія вынікі дасьледваньняў.

Да такіх высноваў прыйшлі спэцыялісты з Унівэрсытэта Фларыды.

Навукоўцы апыталі некалькі дзесяткаў амэрыканцаў, якія працуюць у розных бізнэсовых сфэрах. Апытаных аб’ядноўвала адно: яны пэрыядычна рабіліся ахвярамі характару сваіх начальнікаў. А ў кантрольную групу ўвайшлі жыхары ЗША, якія ня скардзяцца на паводзіны начальства.

Апынулася, што 30% «пакрыўджаных» наўмысна пачыналі працаваць павольней ці адмыслова рабілі памылкі. Сярод звычайных жыхароў паказьнік складае толькі 6%.

33% адзначылі, што не прыкладаюць максымальных намаганьняў у час выкананьня вытворчых заданьняў. Сярод «непакрыўджаных» адпаведна 9%.

39% бралі бальнічныя, хоць са здароўем ніякіх праблемаў ня мелі. Сярод звычайных супрацоўнікаў сымулянтаў апынулася толькі 4%.

Яшчэ 24% «пакрыўджаных» максымальна зацягвалі свае перапынкі і перакуры на працы. У кантрольнай групе такіх толькі 7%.

Апроч гэтага, верагоднасьць таго, што ў выпадку патрэбы супрацоўнік здольны ўзяць ініцыятыву на сябе, у тры разы вышэй для людзей, на каторых начальства ня цісьне.

Андрэй Кa, generation.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0