У Маскве пачаліся беларуска‑расейскія перамовы па пастаўках газу ў 2008 г.

Як паведамлялася раней, з беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічаюць міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц і генеральныі дырэктар ААТ «Белтрансгаз» Уладзімір Маёраў. Падчас перамоў таксама плануецца абмеркаваць пытанні пастаўкі ў Беларусь расійскага газу да канца 2007 года.

У ААТ «Газпром» пакуль адмаўляюцца каментаваць ход перамоў.

Нагадаем, цана на газ для Беларусі вызначаецца ў адпаведнасці з кантрактам, які быў падпісаны беларускім урадам і кампаніяй «Газпром» 31 снежня 2006 года. У дакуменце прапісана формула разліку цаны за газ — яе наяўнасць была абавязковай умовай расійскага боку. Паводле кантракта, да 2011 года цана на газ для Беларусі дасягне еўрапейскага ўзроўню. У 2007 годзе яна вызначана ў 100 долараў за 1 тыс. кубаметраў. У 2008 годзе складзе 67% ад цаны на еўрапейскім рынку за вылікам транспартных расходаў, у 2009 годзе — 80%, у 2010 годзе — 90%, у 2011 годзе — 100%.

Трэба адзначыць, што праз восем месяцаў пасля падпісання кантракта беларускі бок выявіў у ім «некаторыя недахопы».

«У формуле разліку цаны за газ з «Газпромам» ёсць некаторыя недахопы: яе складнікі нельга адчуць сёння, і яны залежаць у тым ліку ад кан’юнктуры цэн на нафтапрадукты», — заявіў 30 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік кіраўніка ААТ «Белтрансгаз» Вінерый Валчуга. Ён паведаміў, што ў бакоў ёсць рознагалоссі ў трактоўцы гэтай формулы. «Работа пачалася, і я думаю, мы яе завершым да 1 кастрычніка. Мы ўжо прыблізна ведаем, як правільна карыстацца формулай, якая прапісана ў кантракце. Разуменне наша і «Газпрома» па яе выкарыстанні павінны поўнасцю супасці», — сказаў В.Валчуга.

У сваю чаргу прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што«на перамовах з «Газпромам» Беларусь будзе жорстка прытрымлівацца нацыянальных інтарэсаў».

«На гэтых перамовах усё магчыма, але наша пазіцыя вядомая — яна жорстка матывавана і будзе звязана з аплатай паслуг па транзіце расійскага газу цераз Беларусь», — заявіў прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў 22 верасня ў Рэчыцы (Гомельская вобласць).

Пры гэтым ён адзначыў, што «Газпром» на продажы газу ў Беларусь «мае такую ж даходнасць і прыбытковасць, як у Германіі». «Гэта значыць з намі гандлююць, як з Германіяй», — падкрэсліў А.Лукашэнка. Паводле яго слоў, у 2008 годзе «Газпром» збіраецца ўзняць цану для Беларусі яшчэ на 15—20%. «Чым мы так правініліся перад кіраўніцтвам Расіі — я не ведаю», — сказаў прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?