![]() Андрэй Клімаў |
Міліцыянт Юры Барынкоў, які выконвае абавязкі начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, адмовіўся паведаміць карэспандэнту «Свабоды», куды накіравалі апазыцыйнага палітыка. Аднак у Менскім сьледчым ізалятары, дзе былога дэпутата трымалі болей за паўгоду, удалося атрымаць дакладныя зьвесткі адносна Клімава: учора, 10 кастрычніка, яго накіравалі ў Мазырскую калёнію строгага рэжыму.
У якіх умовах палітыку давядзецца жыць паўтара года?
Вось што паведаміў пра Мазырскую калёнію строгага рэжыму журналіст Сяргей Л., які некалькі гадоў таму наведваў калёнію як супрацоўнік мясцовай газэты:
«Раней там быў прафілякторый для алькаголікаў. Знаходзіцца калёнія ня ў горадзе, а за горадам. Я бачыў там вытворчасьць — нейкі дрэваперапрацоўчы цэх і жалезабэтонную вытворчасьць. Нас заводзілі ў пакоі, дзе жыве прыкладна дваццаць чалавек. Памятаю, што вязьні скардзіліся на недахоп адвакатаў і прававой дапамогі».
Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, які адбыў у беларускіх калёніях два гады паводле абвінавачаньня ў паклёпе на прэзыдэнта, кажа, што Мазырская калёнія мае рэпутацыю «ня вельмі жорсткай».
«Мне невядома, каб там за апошнія гады былі бунты вязьняў ці нейкія надзвычайныя здарэньні», — кажа Валер Леванеўскі. Паводле яго зьвестак, у калёніі трымаюць каля 2,5 тысяч вязьняў, якія падзеленыя на 24 атрады.
У спэцаддзеле Мазырскай калёніі паведамілі, што Андрэя Клімава ў калёнію яшчэ не прывезьлі. «Чарговы «этап» будзе заўтра, 12 кастрычніка», — сказаў міліцыянт.





